Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 77 из 146

Але чалавек рашуча скiнуў яго i, кiнуўшы мяшок у твар афiцэру, крыкнуў:

- Прэч, нягоднiкi!.. Не мне баяцца смерцi, як вам, сабакам... Але памятайце, нават з магiлы я падыму свой кулак, як грозную перасцярогу вам... I многа яшчэ жывых...

Далейшыя словы былi не чутны. Нешта грозна крычаў афiцэр. Бразнулi затворы вiнтовак. Мiколка сцяўся ў халодны камяк, нiбы ўлiп у зямлю. Яго слых абвастрыўся да таго, што ён чуў, як шархацiць пясок на магiле, як скочваюцца каменьчыкi на дно ямы. Ён чуў, здаецца, сваё ўласнае дыханне. Ён бачыў, як непакойна стаў варушыцца дзед, дастаючы нешта з-пад пояса. I гарачыя слязiнкi павiслi на раснiцах. Вось-вось расплачацца Мiколка, выдасць сябе i дзеда ў гэтай лесавой схованцы.

Грымнуў стрэл. Празрысты дым пасцiлаўся над палянай. У iм гублялiся фiгуры салдатаў. Бачыў Мiколка: чалавек як стаяў, так i стаiць. Вось яшчэ цэляць салдаты, але бачыць Мiколка, як няўпэўнена ходзяць iх рукi, як дрыжаць вiнтоўкi, паднiмаючыся то задужа высока, то нiзка. Яшчэ грымнуў залп, а чалавек усё стаiць пад хвояй, i вочы яго гатовы, здаецца, спапялiць усё перад сабой, да таго гараць яны палаючым бляскам. I вось бачыць Мiколка, як азвярэлы афiцэр кiдаецца да салдат, выхоплiвае ў аднаго вiнтоўку i пачынае цэлiцца ў чалавека пад хвояй.

I не заўважыў Мiколка, як над самым яго вухам грымнуў незвычайны стрэл. Афiцэр упаў як падкошаны, нязграбна раскiнуўшы рукi на жоўтым пяску. Выразна бачыў Мiколка падэшвы яго ботаў з прыстаўшай да iх зямлёй.

|< Пред. 75 76 77 78 79 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]