Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 81 из 146

Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкi салдат i штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногi. Мiколка кiнуўся да салдата, лёг грудзьмi на вiнтоўку, каб адвесцi штык ад дзеда, але тут жа пакацiўся па зямлi. Яго ўдарыў прыкладам вiнтоўкi другi нямецкi салдат. Мiколка ледзь падняўся на ногi, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Мiколкi кружылася галава, нейкая пеляна засцiлала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, якi так немiласэрна ўдарыў яго. I вялiкае, непераможнае пачуццё помсты запалiла Мiколку. Ён падхапiў вялiкi камень i кiнуў яго ў салдата. Камень трапiў у каску. Азвярэлы салдат кiнуўся са штыком на Мiколку. I здавалася тады Мiколку, што нiколi яму болей не ўбачыць нi гэтай паляны, нi лесу, нi дзеда, нi бацькi. Ля самых грудзей прамiльгнуў перад iм шырокi штык, i Мiколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплi расы ў барвовых i яркiх водблiсках ранiцы. Але то была не раса. Гэта Мiколкава кроў пацякла па штыку. Хапiўшыся за яго абедзвюма рукамi, Мiколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы i крыкнуў. Яго адцягнулi ад штыка падбегшыя жанчыны.

- Што вы з хлопчыкам робiце, рабаўнiкi! - крыкнулi яны азвярэламу салдату.

Той памкнуўся быў жорстка расправiцца са сваёй ахвярай, але нейкi трэцi салдат затрымаў яго за рукi, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзiкi ўчынак.

Хутка ўсiх сялян павялi пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў i Мiколка з дзедам. Ззаду салдаты гналi сялянскiх кароў, ганялiся па лесе за коньмi, за свiннямi...

Развiднела. Узышло сонца.

|< Пред. 79 80 81 82 83 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]