Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 82 из 146

Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нiбы шызая пеляна засцiлала яго ранiшнi зрок. То былi шэрыя хмары, якiя абляглi ўсё неба, праглынулi сонца, замуцiлi небавую сiнь. Неба было шэрае, халоднае, нiбы ў познюю дажджлiвую восень.

- Гэта ж дым, а не хмары, - праказалi сяляне.

I сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялi цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другi дзень, i некаму было тушыць пажару, дый баялiся тушыць. Вёску падпалiлi немцы за супрацiўленне сялян непамерна цяжкiм падаткам i кантрыбуцыям. У гэтым падпале вiнаваты быў i пан, якi помсцiў сялянам за рэвалюцыю i падгаворваў немцаў на бязлiтасную расправу з беднатой вёскi. I вось стаялi пачарнелыя комiны, дымiлiся галавешкi, струменьчыкi дыму вiлiся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграi крумкачоў ляталi ў паветры, апускалiся сям-там на гарачых папялiшчах i завiхалiся на трупах жывёлы, загiнуўшай у дыме, у агнi.

- Наша вёска... - цiха прамовiў адзiн селянiн да дзеда. - Вось яны ж i спалiлi... - паказаў ён на сваiх канваiраў.

Над усiмi навiсла грозная цiшыня. Толькi чуваць былi кароткiя загады афiцэраў ды канваiраў. Твары салдат былi ва ўсiх грозныя, у некаторых раз'ятраныя. Гэтыя зусiм былi не падобны на тых, якiя займалi калiсьцi Мiколкаву станцыю. Там былi палкi запасных салдат, многiя былi з бародамi, пажылыя людзi. Неяк нават лягчэй было гаварыць з iмi, не так па-зверску абыходзiлiся яны з народам.

|< Пред. 80 81 82 83 84 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]