Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 83 из 146

У гэтых жа i форма трохi iнакшая: чорныя венгеркi, большасць салдат на конях, у многiх чорныя шапкi i на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымi касцямi.

- Вiдаць, гусары смерцi з карных вiльгельмаўскiх батальёнаў... Быць цяпер у бядзе нам... - цiха прагаварыў дзед Астап да Мiколкi.

Канваiры спынiлi народ недалёка ад спаленай вёскi. Паставiлi пару кулямётаў, нацэлiўшы iх на сялян. Асобна ад усiх пад узмоцненым канвоем трымалi двух маладых сялянскiх хлапцоў, якiх захапiлi немцы са зброяй у лесе. Канваiры i афiцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалi. I раптам заварушылiся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. I хутка ўсе ўбачылi, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал i ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннiкаў. Усё гэта былi тыя ж гусары смерцi. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволi сышоў добра апрануты чалавек з навiслымi сiвымi вусамi, у паляўнiчым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелi гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсцi з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.

- Палкоўнiк нямецкi... - шапнуў нехта збоку i замоўк пад суровым позiркам канваiра.

Памешчык з палкоўнiкам падышлi да сялян. Спешылiся коннiкi, пад'ехала яшчэ адна каламажка, i з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснiк, з-пад якога вiдаць былi наваксаваныя папоўскiя боты.

- А гэты сiваграк чаго тут? - гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з iм селянiна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык.

|< Пред. 81 82 83 84 85 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]