Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 84 из 146

Ён стаяў перад народам, важна выставiўшы ўперад немалы свой жывот,ленавата пакручваючы вус, i нiбы ўсмiхаўся сялянам самай мiрнай, лагоднай усмешкай:

- Ну вось, мужычкi, iзноў мы з вамi сустрэлiся... А вы думалi, што мы рассталiся навекi... Ну што ж, мала з вас ласкi iмператара Вiльгельма? - I ён паказаў рукой на абгарэлыя комiны сялянскiх хат, на сумныя папялiшчы. Вы думалi, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маiм маёнткам? Што вам даруецца бальшавiцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мiлыя, гэта вам не свабода... Гэта вам не бальшавiкi... Гэта войска вялiкага iмператара Германii, якое стаiць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.

Ён гаварыў i гаварыў, i словы яго перайшлi ўжо ў шалёны крык. Ён захлiпаўся словамi, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.

- За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю i потам... Я згнаю ў турмах... Я расстраляю.

Яго спынiў чамусьцi палкоўнiк, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:

- Палкоўнiк ставiць перад вамi ўмову: калi хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забiў нямецкага афiцэра i вызвалiў Сёмку-бальшавiка?

Народ глуха маўчаў. Толькi вiдны былi сцятыя ў бяссiллi кулакi, суровыя твары былi ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамi, грозна падступаў да некаторых.

- Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызвалiў?

Але маўчаў народ. Толькi ўсхлiпвалi жанчыны, выцiраючы слёзы ражкамi хусцiнак, ды плакалi дзецi.

Адышоўся памешчык, пачаў нешта раiцца з палкоўнiкам.

|< Пред. 82 83 84 85 86 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]