Миколка-паравоз (на белорусском языке)   ::   Лыньков Михась

Страница: 99 из 146

Падбеглi сяляне i не зусiм, каб сказаць, далiкатна знялi яго з нязвыклага крэсла. Як крануўся зямлi пан, так i кiнуўся ў ногi сялянам. Цалаваў зямлю, слюнявiў сялянскiя лапцi, малiўся, прасiўся, усiмi багамi кляўся, што не ён вiнаваты ў расстрэлах, а немцы.

- Хто табе веры дасць, iрад? Але што з iм рабiць, з сiяцельствам гэтым? Не варта кулю псаваць на жабу такую... - раiўся Сёмка-матрос i загадаў: - Пасадзiць яго ў сажалку, няхай прахалоджваецца пасля такой гарачкi... А то ў ванне яшчэ сёння, мусiць, не было яго сiяцельства.

I сядзеў пан у сажалцы, паварухнуцца баяўся.

А партызаны тым часам не драмалi. Выганялi жывёлу з панскiх хлявоў, выводзiлi коней, выгружалi свiрны. Прыгадзiлiся панскiя каламажкi, на iх зручна прымайстравалi адабраныя ў немцаў кулямёты, палажылi вiнтоўкi. На адной з каламажак прымасцiўся ля кулямёта Мiколка. Дзед Астап усеўся на нямецкага стаеннiка i быў цяпер падобны на сапраўднага ваяку-кавалерыста. Не хапала да поўнага баявога выгляду толькi шаблi. Але Сёмка-матрос дастаў аднекуль i шаблю i надарыў ёю дзеда. Мiколку ж ён даў маленькi штык ад нямецкай карабiнкi. Штык быў падобны на кiнжал, i iм вельмi ганарыўся Мiколка, павесiўшы яго збоку на папружку. Так зрабiўся Мiколка кулямётчыкам, а дзед Астап - кавалерыстам. Праўда, у кавалерыi дзеду Астапу хутка не спадабалася, i ён перайшоў неўзабаве ў пяхоту. Але аб гэтым пасля.

Калi дагараў ужо нiжнi паверх панскага палаца, атрад Сёмкi-матроса рушыў з двара.

|< Пред. 97 98 99 100 101 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]