Страница:
118 из 253
Ногі мае былі збітыя да крыві, двойчы я ўпаў, запнуўшыся аб карэнні, лапы ялін сцябалі мой твар. Гмах палаца вырас перада мною зусім нечакана, і адначасова я пачуў пошчак капытоў недзе наперадзе. Яны зноў гучалі, яны грымелі так часта, што я скурай адчуваў: яны імчаць неверагодна хуткім намётам.
Я пайшоў ва-банк. Я мог схавацца, але ў палацы была дзяўчына, якая зараз, пэўна, вельмі спалохалася. Я павінен быў быць там, там была мая зброя. У некалькі скачкоў я спынуўся на ганку і затарабаніў у дзверы:
— Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Адчыніце!
Крычаць было нельга. Яна магла абамлець ад жаху. А ляск капытоў быў ужо тут, на гэтае палове палаца. Я грукацеў.
Дзверы адчыніліся раптоўна. Я ўскочыў у залу, моцна прыпёр дзверы і хацеў быў кінуцца за зброяй, але праз ваўчок пабачыў, што туманныя коні прамчаліся далей і зніклі за павароткай алеі.
Я глянуў на Яноўскую, якая стаяла, уражаная маім выглядам, глянуў у люстру і жахнуўся: увесь падзёрты, пашарпаны, з крывёю на руках, са скалмачанымі валасамі стаяў і дзіка глядзеў на мяне мой двайнік. Я зноў глянуў на Яноўскую: бледная, з мёртвым тварам, яна закрыла вочы і спытала:
— Верыце вы зараз у дзікае паляванне караля Стаха?
— Зараз веру, — змрочна сказаў я. — І вы не пабаяліся адчыніць мне дзверы ў такі момант?!… Маленькае мужнае сэрца.
У адказ яна разрыдалася:
— Пане Беларэцкі… пан Андрэй… Андрэй. Я так баялася, так баялася за вас. Божа… Божа… Божа! Хоць бы ўзяў ты толькі мяне адну!
Рукі мае сціснуліся ў кулакі.
— Пані Надзея.
|< Пред. 116 117 118 119 120 След. >|