Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 119 из 253

Я не ведаю, здані гэта ці не. Здані не маглі быць такімі рэальнымі, людзі не маглі быць такімі прывіднымі, палаць гэткай нячыстай злобай. Але я клянуся, клянуся вам. За гэты ваш жах, за гэтыя вашы слёзы яны заплоцяць мне, заплоцяць дарагой цаной. Клянуся вам.

Недзе далёка заміраў часты пошчак конскіх капытоў.



РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

Калі да гэтага тэмп майго апавядання быў трохі запаволены, то зараз ён будзе, наадварот, ці не занадта хуткім. Але што зробіш, надзеі з той жахлівай ночы так імчаліся, што ў мяне кружылася галава.

Ранкам наступнага дня мы хадзілі з Яноўскай да вёскі, дзе я запісваў легенды. Усю дарогу я пераконваў яе, што не трэба так баяцца дзікага палявання, расказаў, як я ўчора ашукаў яго, а ў галаве круцілася: «Што ж гэта было? Што?»

Гаспадыня трошкі павесялела, але ўсё ж была прыгнечанай: такой яе я яшчэ не бачыў. А калі я вяртаўся да палаца (Яноўская затрымалася ля флігеля з вартаўніком), я заўважыў брудны аркуш паперы, прышпілены калючкай да стаўбура яліны на відным месцы. Я садраў яго:

«Тое, чаму трэба, загіне. Ты лёзны чалавек, чужынец нейкі. Сыходзь з дарогі. Ты чужы тут, якая справа табе да праклятых радоў. Паляванне караля Стаха прыходзіць апоўначы. Чакай».

Я толькі плячыма знізаў. Пасля таго апакаліптычнага жаху, які я перажыў учора, гэта пагроза здалася мне дрэннай меладрамай, непрадуманым ходам і, між іншым, пераканала мяне ў зямным паходжанні гэтай чартаўшчыны (як вы пабачыце далей, дарэмна).

Я схаваў ліст.

|< Пред. 117 118 119 120 121 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]