Страница:
120 из 253
А ўначы адбылося адразу два здарэнні. Спаў я зараз вельмі дрэнна, мучылі нейкія кашмары. Я прачнуўся апоўначы ад крокаў, але на гэты раз нейкая незразумелая ўпэўненасць, што гэта не проста гукі, прымусіла мяне ўстаць. Я накінуў халат, асцярожна адчыніў дзверы і выйшаў у калідор. Крокі гучалі ў дальнім яго канцы. Я пайшоў за імі і… пабачыў ахмістрыню, якая са свечкаю ішла кудысьці. Я асцярожна ішоў за ёю, трымаючыся цемры. Яна зайшла ў нейкі пакой. Я пайшоў быў да яго, але яна выглянула адтуль, і я ледзь паспеў прыцісцуцца да сцяны. Калі я дайшоў да пакоя, то пабачыў там толькі стары пісьмовы стол, разьблёную шафу. На падаконніку стаяла свечка. Я зайшоў туды, вельмі асцярожна заглянуў у шафу — пустая. Пакой быў зусім пусты, і на жаль, мне нельга было вартаваць у ім: я мог сапсаваць усю справу. Таму я пайшоў за паваротку калідора і стаў там. У халаце было холадна, мерзлі ногі, але я стаяў. Я стаяў, напэўна, ужо каля гадзіны, калі раптам другая з'ява ўразіла мяне. Па калідоры, па дальнім яго канцы, рухалася блакітная постаць жанчыны. Адкуль яна з'явілася — не ведаю: калідор у тым канцы таксама рабіў калена. Яна рухалася плаўна, быццам плыла. Я толькі быў рушыў туды, як спыніўся, уражаны. Твар гэтай жанчыны быў тварам Надзеі Яноўскай, толькі дзіўна змененым. Ён быў вельмі паважны і спакойны, больш сталы і нейкі нават больш выцягнуты. Дзе я бачыў такі? Я ўжо здагадаўся і ўсё ж не верыў сам сабе. Ну, вядома, партрэт страчанай жанчыны ў зале.
|< Пред. 118 119 120 121 122 След. >|