Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 121 из 253

Блакітная Жанчына!

Я забыўся на ахмістрыню, на холад,на ўсё. Гэтую таямніцу я павінен быў вырашыць неадкладна. І я рушыў туды. А яна плыла, плыла ад мяне, і тут толькі я заўважыў, што вялікае акно ў калідоры напалову адчынена. Яна ступіла на нізкі падаконнік і знікла. Я дабег да акна, выглянуў і нічога, нічога не пабачыў, быццам нехта смяяўся з мяне. Кут дома быў, праўда, зусім недалёка, але карніз быў, усё той самы вузенькі карніз. Я ўшчыкнуў сябе за руку — не, я не спаў.

Я так быў уражаны гэтым новым здарэннем, што ледзь не прапусціў вяртання ахмістрыні. Тая ішла са свечкай, трымаючы ў руцэ нейкі аркуш паперы. Я прыціснуўся ў нішы дзвярэй, яна прайшла паўз мяне, не заўважыўшы, пасля выглянуў і пабачыў, што яна спынілася ля акна, пахітала галавою і, мармычучы нешта, зачыніла яго.

Пасля пайшла па сходах па першы паверх.

І што ёй трэба было тут, на другім паверсе? Я пайшоў быў да сябе, але раптам спыніўся і ціхутка пастукаў у дзверы пакоя Яноўскай. Чым не жартуе д'ябал, а раптам гэта ўсё ж была яна? Я сказаў шэптам:

— Надзея Раманаўна, вы спіце?

У адказ я пачуў соннае мармытанне.

Я вярнуўся ў пакой і, не запальваючы свечкі, сеў на ложак. Мяне калаціла ад холаду, а чэрап проста разломваўся ад розных супярэчлівых думак.



РАЗДЗЕЛ СЁМЫ

Калі мы наступнага дня гулялі з ёй у алеі, я расказаў ёй пра здарэнні мінулай ночы. Можа, мне і няварта было рабіць гэтага, не ведаю, але я ніяк не мог пазбавіцца думкі, што тут нешта нячыста з ахмістрыняю.

|< Пред. 119 120 121 122 123 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]