Страница:
122 из 253
Яна не здзівілася, паглядзела на мяне вялікімі рахманымі вачыма і адказала павольна:
— Бачыце, а я ў гэту ноч так перахвалявалася за вас, што спачатку не спала, а потым заснула так моцна, што нават нічога не чула. Няварта вам уставаць уначы, пане Беларэцкі. Калі што-небудзь здарыцца, я гэтага сабе не дарую… А наконт ахмістрыні вы памыляецеся. Уласна кажучы, яна можа хадзіць паўсюль, я не датрымліваюся старых правіл, што ахмістрыня можа прыходзіць на другі паверх толькі тады, калі яе клічуць. Тут самае жахлівае не яна, а Блакітная Жанчына. Зноў яна з'явілася. Неадменна здарыцца нешта дрэннае.
І з суровай мужнасцю дадала:
— Хутчэй за ўсе гэта будзе смерць. І я маю ўсе падставы думаць, што памру я.
Мы сядзелі ў старой альтанцы, закінутай глыбока ў зарасніках. Камень ад старасці ўвесь аброс мохам, які пасля апошніх дажджоў молада зазелянеў. Пасярэдзіне альтанкі стаяла мармуровая дзеўка з адбітым вухам, і па твары яе поўз слімак. Яноўская паглядзела на яе і сумна ўсміхнулася:
— Вось так і мы. Брыдота запусцення наша жыццё. Вы казалі, што не зусім верыце ў тое, што гэта здані. Я з вамі не згаджаюся. Але хоць бы і так — што мяняецца? Ці не ўсё адно, ад каго пакутаваць, калі пакутаваць трэба, трэба скупляць грахі.
— Вы іх скупілі гэтымі двума гадамі, — пачаў я. Але яна не слухала мяне.
— Людзі грызуцца, як павукі ў банцы. Шляхта памірае. Калісьці мы былі моцнымі, як камень, а зараз мы… ведаеце, калі раскалоць камень са старога будынка, у ім будуць слімакі.
|< Пред. 120 121 122 123 124 След. >|