Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 123 из 253

Невядома, чым яны там жывяцца, але варта стукнуць такі камень, як ён разваліцца. Так і мы. І няхай стукаюць хутчэй.

— І не шкада вам гэтай прыгажосці? — павёў я рукою вакол сябе.

— Не, толькі б хутчэй. Я, наогул, даўно гатова знікнуць разам з гэтым гняздом і не шкадавала б ні яго, ні сябе. Але з некаторага часу я заўважыла, што мне робіцца трошкі шкада жыцця. Напэўна, яно не такая дрэнная штука, як я думала. Напэўна, і ў ім ёсць сонца, сябры, пушыстыя дрэвы, смеласць і вернасць.

— Гэта вельмі добра, што вы так думаеце.

— Не, гэта вельмі дрэнна. У сто разоў горш паміраць, любячы жыццё, ніж так, як я меркавала памерці раней. Раней жах быў звыклым станам маёй душы, зараз ён ператвараецца ў штосьці такое, чаму няма наймення, чаго я не жадаю. І ўсё таму, што я пачала трошкі верыць людзям. Не трэба гэтай веры, не трэба надзеі. Лепей так, як раней. Гэта і спакойна.

Мы памаўчалі, яна нахіліла сабе на калені жоўтую напаўабляцелую галінку клёна і гладзіла яе.

— Людзі не заўсёды хлусяць. Я вельмі ўдзячна вам, пан Беларэцкі, за гэта. Вы павінны мне прабачыць, я чула вашу размову са Свеціловічам, чыстай, добрай душой, адзіным, акрамя вас ды, можа, яшчэ дзядзькі, чалавекам у гэтай акрузе. Дзякую за тое, што не паўсюль на зямлі людзі з плоскімі галовамі, тоўстым чэрапам і чыгуннымі мазгамі.

— Дарэчы, пра Дубатоўка. Як вы лічыце, ці не павінен я адкрыцца яму, каб разам узяцца за выкрыццё гэтай поскудзі?

Веі яе ўздрыганулі.

— Не трэба.

|< Пред. 121 122 123 124 125 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]