Страница:
172 из 253
Яго сустрэча з чалавекам у Халоднай лагчыне. Яго дурны жарт пра дзікае паляванне, які можна было зразумець так, быццам у яго ёсць нейкія цвёрдыя падазрэнні, што ён выкрыў удзельнікаў гэтай справы. Божа! Калі гэты чалавек сапраўды бандзюк, ён немінуча зробіць спробу забіць Свеціловіча сёння ж. Таму іх і мала! Напэўна, другая палова накіравалася да майго новага друга, а гэтыя — да Балотных Ялін. Можа, яны і размову нашу бачылі, мы ж, як дурні, стаялі сёння над урвішчам. Ох, якую памылку, калі ўсё гэта так, зрабіў ты, Андрэй Свеціловіч, не расказаўшы нам, хто быў гэты чалавек!»
Я разумеў, трэба спяшацца, трэба спяшацца так, як ніколі ў жыцці. Можа, я яшчэ паспею. Поспех нашай справы і жыццё добрай юнацкай душы залежалі ад хуткасці маіх ног. І я пабег так, як не бегаў нават у тую ноч, калі за мною гналася дзікае паляванне караля Стаха. Я ўзяў нацянькі праз парк, пералез у адным месцы праз агароджу і прыпусціўся бегчы да хаты Свеціловіча. Я не ляцеў як шалёны, я добра ведаў, што мяне не выстачыць на ўсю дарогу, а таму бег размерана, прыціснуўшы локці да бакоў. Трыста крокаў бягом, як толькі магчыма, хутка, пяцьдзесят крокаў хуткай хадою — так я вырашыў. І я прытрымліваўся гэтага, хоць сэрца маё пасля першых дзвюх вёрст здатна было выскачыць з грудзей. Пасля пайшло лягчэй, я бег і ішоў амаль машынальна і толькі павялічыў норму бегу на чатырыста крокаў. Шлёп-шлёп-шлёп — і так чатырыста разоў, топ-топ — пяцьдзесят разоў.
|< Пред. 170 171 172 173 174 След. >|