Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 189 из 253

Чорна-зялёнае ад векавых ялін святло клала празрыстыя адбіткі на яе блакітную сукню, на рукі з заламанымі пальцамі, якія ляжалі на каленях, на вочы, трохі неасэнсаваныя, як гэта заўжды бывае ў чалавека, які цалкам паглыбіўся ў свае думкі.

Слова, што я даў самому сабе, было цвёрдым, памяць мёртвага друга зрабіла гэтае слова яшчэ больш моцным, і ўсё ж я некалькі хвілін з нейкім лікуючым захапленнем думаў пра тое, што мог бы абняць гэтую худзенькую постаць, прыціснуць да грудзей, да ўсяго сябе. І пакутліва білася маё сэрца, бо я ведаў, што ніколі гэта не будзе.

Але выйшаў я да яе з-за дрэў амаль спакойны. Вось узняла галаву, пабачыла мяне, і якім мілым, цёплым агнём заззялі прамяністыя вочы.

— Гэта вы, пан Беларэцкі. Сядайце тут, поруч.

Памаўчала і сказала з дзіўным перакананнем:

— Я не пытаюся ў вас, чаму вы пабілі гэтага чалавека. Я ведаю, калі вы зрабілі гэта, значыць, іначай нельга было. Але я вельмі непакоюся за вас, Вы павінны ведаць, суда тут няма. Гэта кручкі, гэта хлусы, гэта… дрэнныя і наскрозь прадажныя людзі. Яны могуць засудзіць вас. І, хоць невялікая правіна шляхціцу пабіць паліцэйскага, яны могуць выслаць вас адсюль. Яны ўсе, разам са злачынцамі, утвараюць адзіны вялізны саюз. Дарэмна маліць іх аб правасуддзі: няхутка, можа, нават ніколі, не пабачыць яго гэты высакародны і няшчасны люд. Нашто вы зрабілі гэта?

— Я заступіўся за жанчыну, Надзея Раманаўна. Вы ведаеце, у нас такі звычай.

І тут яна так пранікнёна глянула мне ў вочы, што я пахаладзеў.

|< Пред. 187 188 189 190 191 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]