Страница:
191 из 253
Я заўжды жаласна губляюся і раблюся Сліняём Кісялёвічам ад жаночых і дзіцячых слёз, а гэта сляза была такая, якой крый Божа пабачыць камусьці ў жыцці, ды яшчэ ад жанчыны, для якой бы ахвотна распляскаўся ў блін, каб толькі яна была вясёлай.
— Надзея Раманаўна, што вы? — замармытаў я, і вусны мае мімаволі склаліся ва ўсмешачку прыблізна такога гатунку, якая бывае на твары дурня, калі ён прысутнічае на пахаванні.
— Нічога, — амаль спакойна ўжо адказала яна. — Проста я ніколі не буду… сапраўдным чалавекам. Я плачу… па Свеціловічу… па вас, па сабе. І нават не па ім я плачу, а па загубленай яго маладосці, — я добра разумею гэта! — па шчасці, якое нам заказана, па шчырасці, якой у нас няма. Знішчаюць лепшых, знішчаюць вартых. Памятаеце, як казалі колісь: «Не імамы князя, правадыра і прарока і, як лісце, мяцемся па грэшнай зямлі». Нельга спадзявацца на лепшае, самотна сэрцу і душы, і ніхто не адкажа ім. І дагарае жыццё.
Устала, сутаргавым рухам зламала галінку, якую трымала ў руках.
— Бывайце, дарагі пан Беларэцкі. Можа, мы і не пабачымся больш. Да канца жыцця я буду ўдзячная вам… Вось і ўсё. І канец.
І тут мяне на хвіліну прарвала. Не адчуваючы, што паўтараю словы Свеціловіча, я выпаліў:
— Няхай заб'юць — і мёртвым прыцягнуся сюды!…
Нічога не адказала, толькі зноў паклала руку мне на рукаў, моўчкі глянула ў вочы, пайшла. Я застаўся адзін.
РАЗДЗЕЛ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ
Можна было меркаваць, што сонца зрабіла адно абяртанне (я ўжываю слова «меркаваць» толькі таму, што сонца не паказвалася з-за хмар), калі я апоўдні з'явіўся ў павет.
|< Пред. 189 190 191 192 193 След. >|