Страница:
190 из 253
Адкуль гэты дзіцёнак мог навучыцца чытаць у сэрцах, што надало яму такую сілу?
— Гэтая жанчына, паверце, магла і пацярпець. Занадта дорага, калі вас вышлюць, заплоціць гэтая жанчына за насалоду, якую вы атрымалі, даўшы па зубах пшутаватаму пошламу дурню.
— Не непакойцеся, я вярнуся. А гэты час ваш спакой будзе абараняць Рыгор.
Вочы яе закрыліся панура. Пасля яна сказала:
— Ах, нічога вы не зразумелі… Хіба справа ў гэтай небяспецы? Не трэба, не трэба вам ехаць у павет… Пражывіце тут яшчэ дзень-два і пакіньце Яліны назаўжды.
Яе рука з удрыгваючымі пальцамі лягла на мой рукаў.
— Чуеце, я вас вельмі-вельмі прашу…
Я быў такі няўважлівы, што сказаў:
— У канцы гэтага ліста да нябожчыка Свеціловіча стаіць подпіс, частка яго, «Лікол…». Ці няма ў наваколлі шляхціца, у якога імя або прозвішча пачыналася б так?
Твар яе адразу спахмурнеў, як хмурнее дзень, калі знікае сонца.
— Не, — уражаным і дрыжачым, як ад крыўды, голасам адказала яна. — Хіба што Лікаловіч… Гэты прыдомак да прозвішча нябожчыка Кульшы.
— Ну, гэта наўрад ці, — раўнадушна сказаў я.
Я толькі праз гадзіну зразумеў, якой я быў грубай жывёлінай. Гэта здарылася, калі я глянуў на яе і пабачыў, як з-пад далоні, якой яна прыкрыла вочы, выкацілася і папаўзла ўніз цяжкая, нечалавеча самотная сляза, хутчэй знемагаючага ад адчаю мужчыны, чым дзяўчыны-напаўдзіцёнка.
|< Пред. 188 189 190 191 192 След. >|