Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 30 из 253

Яна не ведала, нічога не ведала пра гэта, яна была неразбуджаная, зусім халодная, халодная як лёд. Яна нават не магла разумець, сорамна гэта ці не. І вочы яе адкрыта глядзелі ў мае, не прыгашаныя павекамі. Гэта не магло быць какецтвам. Гэта быў дзіцёнак, нават не дзіцёнак, а жывы труп.

І яна глыбей захуталася ў шаль і сказала:

— На зямлі пануе смерць. Гэта я ведаю. Я не люблю, калі хлусяць пра тое, чаго ніколі не было на зямлі.

Мы пасядзелі яшчэ. Вецер лямантаваў знадворку. Яна знізала плячыма і ціха сказала:

— Жахлівы край, жахлівыя дрэвы, жахлівыя ночы.

І зноў я пабачыў той самы выраз на яе твары і не зразумеў яго.

— Скажыце, гэта вялікія гарады, Вільня і Менск?

— Даволі вялікія. Але Масква, Пецярбург большыя.

— І што, там таксама людзям нядобра ўночы?

— Не, што вы. Там за вокнамі агні, усю ноч гараць ліхтары, звіняць конкі, там людзі смяюцца на вуліцах.

Яна задумалася.

— Вось бачыце. А тут ніводнага агню. Вакол гэты стары парк на дзве вярсты ў кожны бок, а за ім спяць без агнёў самотныя хаты. У замку каля пяцідзесяці пакояў, не лічачы калідораў і розных пераходаў з закуткамі. Ён так даўно пабудаваны. І ён вельмі халодны, бо продкі забаранілі рабіць у ім печкі, толькі каміны, каб не было падобна на простых суседзяў. Каміны палаюць удзень і ўначы, але ўсё адно па кутах вільгаць і паўсюль холад. У нас на пяцьдзесят пакояў толькі тры чалавекі. Ахмістрыня спіць на першым паверсе, там і вартаўнік.

|< Пред. 28 29 30 31 32 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]