Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 31 из 253

Яшчэ ў адным з флігеляў, за алеяй, жывуць вартаўнік парку, кухарка і праля. Там добра. А ў другой прыбудове дома, з асобным уваходам, жыве яшчэ мой упраўляючы, Ігнат Берман-Гацевіч. Нашто ён патрэбен, упраўляючы, не ведаю, але такі закон. А ў доме на ўвесь другі паверх, на трыццаць пакояў, я адна. І так непрытульна, што хочацца заціснуцца кудысьці ў кут, захутацца з галавою, як дзіцёнку, у коўдру і сядзець так. Вось зараз мне чамусьці вельмі добра і так спакойна, як не было ўжо два гады, з таго дня, як памёр бацька. І мне зараз усё роўна, ёсць агні за гэтымі вокнамі ці няма. Ведаеце, гэта вельмі добра, калі поруч ёсць людзі.

Яна давяла мяне праз гадзіну да майго пакоя (яе пакой быў толькі праз адны дзверы ад майго) і, калі я ўжо адчыняў дзверы, сказала:

— Калі вы цікавіцеся старымі паданнямі — пашукайце ў бібліятэцы, у шафе для рукапісаў. Там павінен быць рукапісны том паданняў, нашых сямейных паданняў. Ну, і яшчэ такія-сякія дакументы.

І дадала:

— Дзякуй вам, пан Беларэцкі.

Я не зразумеў, за што яна мне дзякавала, і, прызнаюся, нават не вельмі думаў пра гэта, калі ўвайшоў у невялікі свой пакой без засаўкі на дзвярах і паставіў свечку на стол.

У пакоіку быў ложак, шырокі, як поле бою пад Койданавым. Над ложкам стары балдахін. На падлозе — выцерты цудоўны кілім. Ложак, відаць, засцілалі з дапамогаю асаблівай палкі (як дзвесце год таму), такі ён быў вялікі. І палка стаяла поруч. Акрамя ложка была камода, высокая канторка і стол. Больш нічога.

Я распрануўся і лёг пад цёплую коўдру, задзьмуўшы свечку.

|< Пред. 29 30 31 32 33 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]