Страница:
32 из 253
Адразу ж за акном выступілі на сінім фоне чорныя сілуэты дрэў, і данёсся іх роўны, наводзячы сон, шум.
І чамусьці гэта адчуванне закінутасці зрабіла тое, што я выцягнуўся, закінуў рукі за галаву і, ледзь не засмяяўшыся ад шчасця, заснуў, як праваліўся ў нейкую цёмную і прыемную прорву.
Праз сон мне здалося яшчэ толькі, што нехта ішоў маленькімі асцярожнымі крокамі па калідоры, але я не звярнуў на гэта ўвагі, я спаў і радаваўся ў сне, што сплю.
Гэта была апошняя мая спакойная ноч у доме Яноўскіх на Балотных Ялінах.
Навокал на многіх дзесяцінах шумеў і хваляваўся пад асеннім дажджом закінуты, глухі, чорны ад старасці і вільгаці парк.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
Наступны дзень быў звычайным шэрым днём, якія часта бываюць увосень у Беларусі. Ранкам я не бачыў гаспадыні, мне сказалі, што яна дрэнна спіць уначы і таму ўстае позна. Твар ахмістрыні, калі я сядзеў за сняданнем, быў нейкі воцатна-кіслы і такі надзьмуты, што непрыемна было глядзець. Таму я не затрымаўся за сталом, узяў у пакоі свой вялізны зашарпаны сшытак, пяць алоўкаў, накінуў сухі плашч і, распытаўшы пра дарогу да бліжэйшага пачынка, выйшаў з пакоя.
Мне адразу ж стала неяк лягчэй, хоць наваколле не магло пахваліцца весялосцю. Толькі тут, на мокрай сцежцы, я змог добра разгледзець гэты дом-палац. Уначы ён здаўся мне меншым, бо абодва яго крылы надзейна хаваліся ў паркавым гушчары і ўвесь першы паверх цалкам зарос здзічэлым, вялізным, як дрэвы, бэзам.
|< Пред. 30 31 32 33 34 След. >|