Дзикае паляванне караля Стаха   ::   Караткевіч Уладзімір

Страница: 33 из 253

А пад бэзам раслі высокія, вышэй за чалавека, жоўтыя вяргіні, мясісты дзядоўнік, глухая крапіва і іншая дрэнь. Высоўваў там-сям, як ва ўсіх вільготных мясцінах, свае лапчастыя сцябліны падтыннік, буялі мядзведжая дуда, шыпшына, ліснік. І на чорнай ад вільгаці зямлі сярод гэгага разнатраўя ляжалі белыя ад цвілі, відаць, абламаныя ветрам, каржакаватыя сукі дрэў.

Сляды чалавечай рукі былі відаць толькі перад уваходам, дзе змрочным пурпурам гарэлі на вялікай курціне познія астры.

І дом выглядаў так змрочна і холадна, што сэрца сціснула. Быў ён двухпавярховы, з вялізным бельведэрам і невялікімі вежкамі па краях і вызначаўся той адсутнасцю архітэктуры, якая была тыповай для беларускіх палацаў у тыя часы, калі нашы продкі кінулі будаваць замкі, але яшчэ патрабавалі ад дойлідаў, каб яны рабілі палацы падобнымі на гэтыя замшэлыя старыя берлагі.

Я вырашыў ісці ў пачынак не раней, як агледзеўшы ўсё тут, і пайшоў па алеі. Чорт ведае, які дурань вырашыў насаджаць у такім змрочным месцы яліны, але гэта было зроблена, і дрэвы, якім было ніяк не менш за сотню год, зрабілі мясцовасць толькі трошкі больш прыемнай, ніж славуты лес у Дантэ. Яліны, тоўстыя — дваім не абхапіць, — падступалі да самых муроў палаца, заглядалі лапамі ў вокны, узвышалкя сіне-зялёнымі конусамі над дахам. Стаўбуры іх зацягнула сівая барада мхоў і лішайнікаў, ніжнія галіны звісалі да зямлі, як шатры, і алея нагадвала вузкае міжгор'е.

|< Пред. 31 32 33 34 35 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]