Страница:
34 из 253
Толькі ля самага дома бачны былі там-сям пахмурныя, чорныя ад дажджу, амаль голыя волаты ліпы і адзін каржакаваты дуб, відаць, запаветны, бо ўзносіў сваю макушу на некалькі сажняў вышэй за самыя высокія яліны.
Ногі мае бясшумна ступалі па ігліцы, пасля я пачуў, што злева пацягнула дымком, і пайшоў на пах. Хутка дрэвы расхінуліся, толькі каб паказаць такі ж зарослы флігель з паваленым ганкам і забітымі вокнамі.
«З палову вярсты будзе да палаца, — падумаў я. — Калі, скажам, гаспадароў надумаюцца рэзаць — тут не пачуюць, хоць з гарматы страляй».
Ля самых акон стаяў на дзвюх цаглінах чыгунок, і нейкая сівая гарбатая жанчына памешвала ў ім лыжкай. Напэўна, у флігелі дымілі печы, і таму гаспадары да позняй восені варылі ежу на свежым паветры.
І зноў зялёны змрок алеі. Я вельмі доўга ішоў ёю, пакуль не дабраўся да таго месца, праз якое мы трапілі ў парк. Тут бачны былі свежыя сляды нашага вазка, і агароджа, чыгунная, вітая, выключна тонкай работы, была павалена, разбіта на кавалкі і адцягнута ў бакі. Праз яе віткі прараслі даволі вялікія бярозкі. А за агароджай (тут алея звяртала налева і цягнулася немаведама куды) ляжала бурая неабсяжная раўніна са скарлючанымі рэдкімі дрэўцамі, зялёнымі вокнамі (у адно з іх мы, відаць, учора ледзь не трапілі, і я заднім лікам пахаладзеў ад жаху), рэдкімі велічнымі каменнямі.
Самотная варона круцілася над гэтым гіблым месцам.
…Калі я з'явіўся надвячоркам дадому з пачынка, я быў так намучаны гэтым змрочным месцам, што ледзь узяў сябе ў рукі.
|< Пред. 32 33 34 35 36 След. >|