Страница:
35 из 253
Мне пачынала здавацца, што гэта назаўсёды, гэтыя бурыя раўніны, дрыгва, напаўжывыя ад трасцы людзі, выміраючы ад старасці парк — уся гэта безнадзейная і ўсё ж родная зямля, над якою ўдзень хмары, а ўначы свеціць воўчае сонца або лье бясконцая зліва.
Надзея Яноўская чакала мяне ў тым самым пакоі, і зноў былі той самы дзіўны выраз на яе перакрыўленым твары і тая самая няўважлівасць да вопраткі. Толькі на стале, дзе стаяў позні абед, былі змены.
Абед быў вельмі сціплы і не каштаваў гаспадыні ані шэлега, бо ўсе стравы былі з вясковых прадуктаў. Толькі на сярэдзіне стала стаяла бутэлька віна, ды і тое, відаць, было сваё, са сваіх сутарэнняў. Але ўсё іншае было проста феерверкам фарбаў і форм. Пасярэдзіне стаяла срэбная ваза для кветак, і ў ёй дзве жоўтыя галінкі клёна, поруч з ёю, але, відаць, з другога сервіза, вялікая, таксама срэбная, супавая міса, срэбная салонка, талеркі, блюда. Але здзівіла мяне не гэта, тым больш што ўсе гэтыя рэчы былі разрозненыя, цёмныя ад старасці, там-сям трошкі змятыя. Здзівіла мяне тое, што гэтыя рэчы былі даўняй мясцовай работы.
Вы, вядома, ведаеце, што стагоддзі два-тры таму срэбная і залатая пасуда ў Беларусі была пераважна нямецкай работы, вывезеная з прусаў. Гэтыя прадметы, багата аздобленыя рознымі выкрутасамі, рэльефнымі фігуркамі святых і анёлаў, былі саладжавыя і прыгожанькія, да таго, што хацелася ванітаваць, але што зробіш, гэта была мода.
А гэта было сваё: нязграбныя, трошкі прысадзістыя фігуркі на вазе, характэрны арнамент.
|< Пред. 33 34 35 36 37 След. >|