Чайка па имени Джонатан Ливингстан (на белорусском языке)   ::   Бах Ричард

Страница: 4 из 35

I кожны раз яго левае крыло спынялася на ўзмаху, ён рэзка завальваўся ўлева, запавольваў рух правага крыла, каб выраўняцца, але шалёны паветраны паток цягнуў яго за сабой, прымушаў бязладна куляцца цераз правае крыло i пераходзiць у штопар.

Нiяк не ўдавалася захаваць асцярожнасць на ўзмаху. Дзесяць спробаў зрабiў ён, i ўсе дзесяць разоў, як толькi хуткасць дасягала сямiдзесяцi мiляў у гадзiну, ён ператвараўся ў некiроўны, ускудлачаны камяк пер'я i плюхаўся ў ваду.

"Уся справа ў тым, - нарэшце прыйшло яму ў галаву, калi ён прамок да апошняга перца, - каб утрымаць крылы нерухома на вялiкай хуткасцi: махаць iмi, пакуль не набяру пяцьдзесят мiляў у гадзiну, а потым трымаць нерухома".

З вышынi дзве тысячы футаў Джонатан зрабiў новую спробу: ён перавярнуўся, нацэлiў унiз дзюбу i з таго моманту, як набраў пяцьдзесят мiляў у гадзiну, перастаў варушыць крыламi. Гэта вымагала неверагоднага напружання, але ён дамогся свайго, усё выйшла як след: праз дзесяць секунд ён iмчаўся з хуткасцю дзевяноста мiляў у гадзiну. Джонатан устанавiў сусветны рэкорд хуткасцi для чаек!

Але нядоўга ён цешыўся перамогай. Як толькi ён пачаў выходзiць з пiке, як толькi трошачкi змянiў паставу крылаў, яго падхапiў усё той жа дзiкi шалёны вiхор i на хуткасцi дзевяноста мiляў у гадзiну разрываў яго на шматкi, нiбы выбухам дынамiтнага зараду.

Джонатан-Чайка быццам узарваўся ў паветры i грымнуўся аб цвёрдую, як камень, паверхню мора.

Даўно ўжо сцямнела, калi памяць вярнулася да яго, i ён убачыў, што плыве пры святле месяца па акiяне. Ён адчуў свiнцовы цяжар пашматаных крылаў, але груз няўдачы быў яму яшчэ цяжэйшы. "От каб гэты цяжар зацягнуў на дно i на тым усё скончылася", - падумалася яму.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]