Салярыс (на белорусском языке)   ::   Лем Станислав

Страница: 10 из 239

Павярнуўся спiнай да мяне. Зараз ён здаваўся значна старэйшым. Кароткiя валасы былi сiвыя, шыя, абпаленая сонцам, здратаваная глыбокiмi маршчынамi. За акном блiскалi вялiзныя грабянi хваль, якiя падымалiся i апускалiся так марудна, нiбыта Акiян застываў. Гледзячы на гэта, здавалася, што Станцыя пакрысе перасоўваецца бокам, быццам спаўзае з нябачнай апоры. Пасля яна вярталася на ранейшае месца i гэтаксама лянiва нахiлялася ў iншы бок. Але гэта было, вiдаць, аптычным падманам. Шматкi слiзкай крывава-чырвонай пены збiралiся ва ўпадзiнах памiж хвалямi. Праз iмгненне мне стала блага. Строгi парадак на "Праметэi" я згадаў як нешта дарагое, беззваротна страчанае.

- Паслухай... - неспадзявана азваўся Снаўт, - часова толькi я... - Ён павярнуўся. Нервова пацiраў рукi. - Ты мусiш задавальняцца толькi маiм таварыствам. Пакуль што. Называй мяне Мышанём. Ты ведаеш мяне толькi па фотаздымку, але гэта не важна, мяне ўсе так завуць. Прызнаюся, што ад гэтага няма рады. Прыдумка бацькоў, якiя захаплялiся касмiчнымi справамi, таксама не лепшая, зрэшты, i Мышаня гучыць не надта...*

* Гаворка пра iмя Снаўт - ад англ. snout: сапло. (Тут i далей заўвагi перакладнiка.)

- Дзе Гiбарыян? - настойлiва спытаў я яшчэ раз.

Снаўт заплюскаў вачыма.

- Мне прыкра, што я так сустрэў цябе. Гэта... не толькi мая вiна. Я зусiм забыўся, ведаеш, тут такое адбывалася...

- Ат, якое гэта мае значэнне, - перапынiў я. - Не будзем пра гэта. Што з Гiбарыянам? Яго няма на Станцыi? Ён некуды паляцеў?

- Не, - адказаў Снаўт.

|< Пред. 8 9 10 11 12 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]