Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
9 из 239
Вядома, я мусiў бы пайсцi, але маё цярпенне лопнула.
- Апамятайся! - выгукнуў я. - Адкуль я магу ведаць, дзе ён, калi я толькi што прыляцеў! Што з табой робiцца, Снаўт!!!
У яго адвiсла скiвiца. На хвiлiну ён зноў перастаў дыхаць, але неяк iнакш, чым першы раз, раптоўны бляск з'явiўся ў яго ў вачах. Дрыготкiмi рукамi ён схапiўся за поручнi крэсла i ўстаў з такой цяжкасцю, што аж затрашчалi суставы.
- Што? - прамовiў ён амаль цвяроза. - Прыляцеў? Адкуль прыляцеў?
- З Зямлi, - адказаў я са злосцю. - Ты мо чуў пра яе? Але мне здаецца, што не чуў!
- З Зя... о, неба... Дык ты - Кельвiн?!
- Ага. Чаго ты так пазiраеш? Што тут дзiўнага?
- Нiчога, - прамовiў ён, часта плюскаючы вачыма. - Нiчога.
Снаўт пачухаў лоб.
- Прабач, Кельвiн, гэта так, ведаеш, проста туман нейкi. Я не чакаў...
- Як не чакаў? Вы ж атрымалi паведамленне некалькi месяцаў таму, а Модард тэлеграфаваў яшчэ i сёння, з борта "Праметэя"...
- Так. Так... вядома, толькi бачыш, тут пануе гэткi расхэйдус.
- Бадай што так, - адказаў я суха. - Цяжка гэтага не заўважыць.
Снаўт абышоў вакол мяне, быццам правяраў, як выглядае мой скафандр, сама звычайны на свеце скафандр - са шлангамi i правадамi на грудзях. Некалькi разоў кашлянуў. Даткнуўся да вострага носа.
- Мо хочаш памыцца?.. Гэта цябе ўзбадзёрыць. Блакiтныя дзверы на супрацьлеглым баку.
- Дзякую. Я ведаю, дзе што на Станцыi.
- Ты мо галодны?..
- Не. Дзе Гiбарыян?
Снаўт падышоў да акна, прапусцiўшы мiма вушэй маё пытанне.
|< Пред. 7 8 9 10 11 След. >|