Салярыс (на белорусском языке) :: Лем Станислав
Страница:
7 из 239
Святло трапляла сюды праз высокiя, з падвойна выпуклымi шыбамi, iлюмiнатары, нацэленыя ў неба. Яшчэ адны дзверы, размаляваныя бела-зялёнымi клеткамi, былi прачынены. Я ўвайшоў усярэдзiну. Паўкруглая кабiна мела адно вялiкае панарамнае акно; у iм палымнела затуманенае неба. Унiзе бясшумна хiсталiся чарнаватыя грабянi хваляў. У сценах было шмат адчыненых шкапчыкаў. У iх ляжалi iнструменты, кнiгi, брудныя шклянкi, запыленыя тэрмасы. На бруднай падлозе стаяла пяць цi шэсць механiчных самаходных столiкаў, памiж iмi некалькi панiклых надзiманых крэслаў - паветра з iх было часткова выпушчана. Толькi адно, з адхiленай унiз спiнкай, было запоўнена. На iм сядзеў малы хударлявы чалавек з абпаленым на сонцы тварам. Скура палосамi злазiла з яго носа i скулаў. Гэта быў Снаўт, намеснiк Гiбарыяна, кiбернетык. Калiсьцi ён надрукаваў у "Салярыстычным альманаху" некалькi надзвычай арыгiнальных артыкулаў. Я нiколi раней не бачыў Снаўта. Ён быў у сеткаватай кашулi, праз вочкi якой вытыркалiся асобныя валасiны, што кусцiлiся на запалых грудзях, i калiсьцi белых зрэбных штанах, з плямамi на каленях i прапаленых рэактывамi, з мноствам кiшэняў, як у мантажнiка. У руках ён трымаў пластыкавую грушу, такую, з якiх наталяюць смагу на караблях, пазбаўленых штучнай гравiтацыi. Снаўт пазiраў на мяне як аслеплены яркiм святлом. З растапыраных пальцаў выпала груша i, нiбы мяч, некалькi разоў падскочыла. З яе вылiлiся рэшткi празрыстай вадкасцi. Паступова ўся кроў адхлынула ад твару Снаўта.
|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|