Плата (на белорусском языке)   ::   Эллин Стенли

Страница: 4 из 15



Ён нырнуў глыбока пад лодку, энергiчна паплыў наперад, i калi, апынуўшыся на грэбнi хвалi, азiрнуўся, то ўбачыў, што шлюпка адплывае ў паўночным кiрунку. Чэпi лёг на набегшую хвалю, i тая пранесла яго амаль палову адлегласцi, што заставалася да пляжа. Калi ён стаў на ногi, аказалася, што вада дастае толькi да жывата. Але адразу ж страцiў раўнавагу, збiты з ног новай хваляй. Падаючы, Чэпi адчуў, што цэлафанавы пакет з нажом слiзгае па назе. Ён паспрабаваў затрымаць яго, але не змог, схапiўшы замест нажа жмут тонкiх, забруджаных нафтай водарасцяў. Ён адхiнуў iх убок. Потым убачыў, што пакет ужо паспеў раскруцiцца, нож выпаў адтуль i ляжыць на беразе якраз там, куды даляталi хвалi. Вiдаць, тыя, хто плаваў побач, не звярнулi асаблiвай увагi на Чэпi, якi кiнуўся да пакета, вылiў адтуль ваду, як мага тужэй закруцiў у iм нож i засунуў скрутак, як i раней, за пояс плавак.

Ён спынiўся на некалькi секунд, стоячы тварам да мора. "Бялiнда II", якая была падобна адсюль на белую плямку, трапiўшы ў Гальфстрым, хутка памяншалася ў памеры.

Верталётаў не было вiдаць. Нiхто навокал не звярнуў увагi на тое, што адбываецца, i не зацiкавiўся нi кацерам, нi шлюпкай, нi пасажырам, якi прыплыў на ёй.

Чэпi павярнуўся i пакрочыў цераз пляж да агароджанай тэрасы гатэля. Да тэрасы, прызначанай для сонечных ваннаў, вялi бетонныя прыступкi. Уверсе шырокай лесвiцы, перакрыжаваўшы рукi на грудзях i не зводзячы вачэй з пляжа, стаяў выратавальнiк у белых майтках i майцы з назвай гатэля. Ён перавёў вочы на Чэпi, калi той праходзiў побач, але, слiзгануўшы па iм позiркам, зноў утаропiўся на пляж.

|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]