Мечаны (на белорусском языке) :: Лондон Джек
Страница:
4 из 15
Не думаю, што сцвярджэнне рабiлася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьцi, штосьцi там свяцiлася. Нават не свяцiлася, а паяўлялася. Ведаю, што мялю лухту, але ж калi б вы зазiрнулi ў тыя сабачыя вочы так, як глядзеў у iх я, вы б усё зразумелi самi. Стыў у вачах Мечанага адчуваў тое самае.
Аднойчы я паспрабаваў забiць Мечанага - карысцi ад яго не было нiякай. Але я не змог зрабiць гэтага. Я павёў яго ў кусты, а ён цягнуўся за мною паволi i неахвотна. Ён ведаў, што гэта ўсё значыла. Я спынiўся ў зручным месцы, наступiў на вяроўку i выцягнуў свой вялiкi кольт. Сабака сеў i глядзеў на мяне. Паверыце, ён не прасiў лiтасцi. Ён проста глядзеў. Я ўбачыў, што ў яго ў вачах паявiлася нешта недаступнае, iменна паявiлася. Я не бачыў гэтага, я адчуваў, што вочы ў Мечанага напоўнiлiся нечым недаступным для майго разумення. Я разгубiўся. Забiць яго было ўсё роўна, што забiць смелага чалавека, якi глядзеў спакойна ў дула пiсталета, нiбы пытаючыся: "Ну, хто з нас струсiць?" Ды яшчэ мне здавалася, што вось-вось я ўлаўлю ў яго ў вачах тое недаступнае. Замест таго каб нацiснуць на спускавы кручок, я анямеў, ловячы тое недаступнае. Яно было блiзка ад мяне, блiскала ў яго вачах. А потым забiваць было позна. Я спалохаўся. Мяне калацiлi дрыжыкi, зрабiлася млосна. Я бездапаможна апусцiў рукi i глядзеў на сабаку, а той глядзеў на мяне, пакуль я не адчуў, што вар'яцею. Хочаце ведаць, што я зрабiў? Я кiнуў пiсталет i пабег да лагера. Сэрца маё сцiснулася ад страху.
Стыў смяяўся з мяне.
|< Пред. 2 3 4 5 6 След. >|