Мечаны (на белорусском языке)   ::   Лондон Джек

Страница: 5 из 15

Але праз тыдзень я прыкмецiў, як Стыў павёў Мечанага ў лес, пэўна,з тым самым намерам. Ён вярнуўся адзiн, а трошкi пазней за iм прыцягнуўся Мечаны.

Як бы там нi было, але Мечаны нi за што не хацеў працаваць. Мы наскрэблi сто дзесяць даляраў, каб купiць яго, а ён адмаўляўся працаваць. Ён нават не хацеў нацягваць пастронкаў. Спачатку, калi Мечанага першы раз запрэглi, Стыў угаворваў яго, а сабака толькi крыху сцепануўся. Але пастронкаў так i не нацягнуў. Сабака спакойна стаяў, пахiстваючыся з боку ў бок. Тады Стыў сцебануў яго пугай, i сабака завыў - працяжна, па-воўчы. Гэта вывела Стыва з сябе, i ён сцебануў Мечанага некалькi разоў запар. Я не вытрываў, выбег з палаткi i кiнуўся да iх. Я сказаў Стыву, што ён быў вельмi жорсткi з Мечаным. Тут мы са Стывам крыху паспрачалiся, упершыню за ўвесь час нашага падарожжа. Ён кiнуў пугу на снег i адышоўся раззлаваны. Я падняў пугу i падышоў да санак. Не паспеў я махнуць пугаю, як Мечаны задрыжаў, захiстаўся i сцiснуўся ад страху, а пасля першага ўдару ён завыў, нiбы той грэшнiк у пекле. Потым ён павалiўся на снег. Я пагнаў астатнiх сабак, i яны пацягнулi яго за сабою. Я сцябаў яго пугаю. Мечаны перавярнуўся на спiну i шаргацеў па снезе, матляючы ў паветры ўсiмi лапамi i скавычучы, нiбы яго прапускалi праз мясарубку. Вярнуўся Стыў, пасмяяўся з мяне. Мне нiчога не заставалася, як папрасiць прабачэння за свае словы.

Прымусiць Мечанага працаваць было немагчыма. Але ён быў самы вялiкi абжора, якога я калi-небудзь бачыў сярод сабак. Дый ён быў спрытны злодзей. Нам нiколi не ўдавалася перахiтрыць яго.

|< Пред. 3 4 5 6 7 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]