Мечаны (на белорусском языке)   ::   Лондон Джек

Страница: 7 из 15

Сярод iх былi вопытныя паганятыя, i мы думалi, што да таго часу, калi Мечаны пройдзе шэсцьсот мiль, да Доўсана, ён стане добрым запрэжным сабакам. Я кажу "мы думалi", бо наша знаёмства з Мечаным тады толькi пачыналася. Потым у нас не хапала смеласцi "думаць", калi гаворка iшла пра гэтага сабаку.

Праз тыдзень ранiцай мы прачнулiся ад страшэннага шуму. Гэта вярнуўся Мечаны i наводзiў парадак сярод зграi. Магу вас запэўнiць, што снедалi мы без ахвоты. Але ж мы суцешылiся праз дзве гадзiны, калi зноў прадалi Мечанага афiцыйнаму кур'еру, якi кiраваўся ў Доўсан з урадавымi паперамi. На гэты раз Мечанаму спатрэбiлася толькi тры днi, каб вярнуцца назад. I, як заўсёды, сваё вяртанне ён адсвяткаваў бойкаю з сабакамi.

Мы пераправiлi нашу амунiцыю цераз перавал, а потым памагалi ўсю зiму i вясну перапраўляцца ўсiм ахвотнiкам. На гэтай справе мы добра зарабiлi. Апрача ўсяго, мы "рабiлi грошы" на Мечаным. Мы прадавалi яго i не раз i не два, а ўсе дваццаць. Мечаны заўсёды вяртаўся да нас, але нiхто з пакупнiкоў не патрабаваў сваiх грошай назад. Дый нам гэтыя грошы былi непатрэбныя.

Мы самi добра заплацiлi б таму чалавеку, якi памог бы нам збавiцца ад Мечанага. Але калi б мы аддавалi яго дарма, дык гэта здавалася б падазроным. Урэшце, у яго такi быў добры выгляд, што ў нас нiколi не было цяжкасцi яго прадаць. "Не аб'езджаны яшчэ", - казалi мы, i нам давалi за Мечанага вялiкiя грошы, не таргуючыся. Мы прадавалi яго сама мала за дваццаць пяць даляраў, а аднойчы атрымалi нават сто пяцьдзесят.

|< Пред. 5 6 7 8 9 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]