Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
41 из 278
Народ хвалюецца, адны патрабуюць, каб гэта нягоднiца была жывая пахаваная разам з мужам, а другiя даказваюць, што не трэба верыць iлжывым словам трупа.
30. Аднак гэтыя спрэчкi былi спынены новай гутаркай юнака. Уздыхнуўшы яшчэ глыбей, ён загаварыў: "Дам, дам я вам доказы сваёй праўдзiвасцi i выкрыю тое, пра што, апроч мяне, нiхто не ведае i не здагадваецца". I тут, паказваючы на мяне пальцам: "Калi пры маiм целе быў гэты пiльны вартаўнiк i цвёрда стаяў на варце, старыя ведзьмы, ахвочыя да маёй тленнай абалонкi, прымаючы з гэтай прычыны розныя постацi, неаднаразова старалiся ашукаць яго руплiвасць i ўрэшце, напусцiўшы соннага туману, акунулi яго ў глыбокае забыццё, пасля чаго клiкалi мяне па iмю. I вось ужо мае застылыя суставы i пахаладзелыя часткi цела намагаюцца адказаць павольнымi рухамi на загады магiчнага штукарства. Тады чалавек, у сапраўднасцi жывы, але толькi да амярцвення сонны, без нiякага падазрэння ўстае, адклiкаецца на сваё iмя, бо мы з iм аднолькава завёмся, i самахоць iдзе, быццам нежывы цень. Хоць дзверы ў пакой былi моцна замкнёныя, аднак там знайшлася адтулiна, праз якую адрэзалi яму спярша нос, а пасля i вушы. Такiм чынам, замест мяне знявечаны застаўся ён. А каб замесцi сляды, ашуканкi прыстаўляюць яму зробленыя з воску вушы, падобныя да адрэзаных, i падобны да яго ўласнага нос. Вось ён, няшчасны, тут, побач з вамi; ён атрымаў плату не за сваю працу, а за сваё калецтва".
Напалоханы гэтымi словамi, я пачынаю абмацваць свой твар: хапаюся за нос, i ён застаецца ў мяне ў руцэ, праводжу рукамi па вушах, i яны адвальваюцца.
|< Пред. 39 40 41 42 43 След. >|