Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
42 из 278
Калi прысутныя пачалi паказваць на мяне пальцамi i кiваць галовамi, калi ўзняўся смех, я, аблiваючыся халодным потам, даю нырца мiж людскiх ног i ўцякаю. А пасля таго я стаў калекам i пасмешышчам, не мог ужо вярнуцца ў родны дом. Расчасаўшы валасы, каб яны ападалi з абодвух бакоў, я схаваў шрамы ад адрэзаных вушэй, а адсутнасць носа сарамлiва стараюся хаваць пад гэтым пластырам, прыцiскаючы яго да твару".
31. Калi Тэлефрон закончыў гэту гiсторыю, разагрэтыя вiном сабутэльнiкi зноў пачалi рагатаць. Пакуль яны патрабавалi звычайнай замочкi ў гонар бога Смеху, Бiрэна кажа мне: "Заўтра дзень, якi ад заснавання нашага горада лiчыцца святочным дзеля таго, што ў гэты дзень мы адзiныя на свеце ўшаноўваем вясёлымi i радаснымi абрадамi святога бога Смеху. Сваёй прысутнасцю ты зробiш нам гэтае свята яшчэ прыямнейшым. Як добра было б, каб i ты прыдумаў у гонар гэтага бога што-небудзь дасцiпнае i забаўнае, каб мы ўшанавалi яго яшчэ больш самааддана i глыбока". "Выдатна, - кажу, - як загадаеш, так i будзе. I клянуся Геркулесам, што мне хацелася б прыдумаць нешта такое, што годна i цалкам задаволiла б гэтага вялiкага бога".
Пасля, калi мой слуга напомнiў, што час ужо познi, i я зразумеў, што ўжо дастаткова нагрузiўся вiном, хутка падымаюся i, пажадаўшы Бiрэне ўсяго найлепшага, няўпэўненай паходкай вяртаюся дамоў.
32. Але як толькi выйшлi мы на двор, нечакана вецер тушыць наш факел, што асвятляў нам дарогу, i мы ў поўнай цемры ночы пасоўваемся амаль вобмацкам i, пазбiваўшы ногi аб каменне, ледзь трапiлi дамоў.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|