Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 43 из 278

Калi ж мы, моцна трымаючыся адзiн за аднаго, падыходзiлi да дома, раптам бачым, што тры нейкiя здаравенныя постацi ломяцца ў нашы дзверы, не толькi не збянтэжаныя нашым з'яўленнем, але стараючыся адзiн перад адным грукатаць мацней i часцей. Такiм чынам, яны здалiся мне разбойнiкамi, прытым сама лютымi. Дык дастаю свой меч, якi браў з сабой i нёс пад вопраткай для падобнага здарэння, i не марудзячы кiдаюся на iх i аднаго за другiм, з кiм нi схаплюся, забiваю, глыбока ўтыкаючы меч. I вось яны, пакрытыя мноствам ран, канаюць ля маiх ног.

Закончыўшы бiтву, у час якой ад гоману i грукату прачнулася i Фацiда, убягаю ў дом i, ледзь ловячы дых, аблiты потам, стомлены, як быццам змагаўся не з трыма разбойнiкамi, а забiў Герыёна, кiдаюся на ложак i адразу засынаю.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

1. Ледзь толькi Аўрора пусцiлася па небе, як ноч, кiруючы ружовай рукой сваiх упрыгожаных чырвонымi фалерамi коней, вырвала мяне з салодкага спакою i перадала дню. Пры ўспамiне аб учарашнiм злачынстве маю душу агарнуў жудасны неспакой. Спусцiўшы з ложка ногi i абхапiўшы каленi пераплеценымi пальцамi рук, я сядзеў скурчаны i горка плакаў, уяўляючы сабе i гарадскую плошчу, i суд, i прыгавор, i самога ката. Цi ж можа знайсцiся такi мяккi i добразычлiвы суддзя, якi б мяне, заплямленага жорсткасцю трайнога забойства, апырсканага крывёю гэтулькiх грамадзян, прызнаў невiнаватым? Вось якое слаўнае падарожжа так упэўнена вываражыў мне халдзей Дыяфан!..

Гэтыя думкi штораз вярталiся, я аплакваў сваю горкую долю, калi раптам пачуўся моцны грукат у дзверы, i ля ўвахода ў дом узняўся крык.

2.

|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]