Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 44 из 278

Услед за гэтым расхiнаюцца пад моцным нацiскам дзверы, i ўвесь дом напаўняецца чыноўнiкамi, iхнiмi прыслужнiкамi i разнашэрсным натоўпам. Два лiктары, па загаду чыноўнiкаў, усклалi на мяне рукi i павялi без нiякага з майго боку супрацiўлення. I ледзь толькi ўвайшлi мы ў блiжэйшы завулак, як усе жыхары, высыпаўшы з дамоў, цесным натоўпам рушылi за намi. I хоць я iшоў з сумна апушчанай галавой, жадаючы правалiцца скрозь зямлю, аднак, глянуўшы крадком убок, заўважаю штосьцi вартае вялiкага здзiўлення: спамiж тысяч людзей, якiя нас акружалi, не было нiводнага, хто б не надрываўся ад смеху. Тым часам, абхадзiўшы ўсе вулiцы, пачынаюць вадзiць мяне па ўсiх завулках i завуголлях, як звычайна водзяць жывёлiну, прызначаную багам на ахвяру, каб адкупiцца ад якiх-небудзь прадказаных нябеснымi сiламi небяспек. Нарэшце прыводзяць мяне на форум i ставяць перад трыбуналам.

А тут ужо на падвышэннi расселiся суддзi, i грамадскi вяшчальнiк загадаў усiм замоўкнуць, як раптам усе ў адзiн голас пачынаюць крычаць, што разбор такой важнай справы з прычыны шматлюднасцi неабходна перанесцi ў тэатр. I вось народ кiнуўся туды бязладным натоўпам, i не прайшло i хвiлiны, як усе прызначаныя гледачам месцы былi занятыя. Некаторыя ўхапiлiся за калоны, iншыя павiслi на статуях, павысоўвалiся па пояс з вокнаў, з адтулiн у дахах. Так нясцерпнае жаданне ўбачыць усё сваiмi вачамi змушала забываць пра небяспеку. А мяне, як якую-небудзь ахвяру, праводзяць вартаўнiкi цераз прасцэнiум i ставяць пасярод архестры.

З.

|< Пред. 42 43 44 45 46 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]