Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
46 из 278
Аднак, дзякуючы боскаму наканаванню, якое не пакiдае нераскрытым нi адно злачынства, дачакаўшыся ранiцы, перад тым, як ён мог бы даць драла, я прыклаў усё старанне, каб прывесцi яго сюды i даць вам магчымасць вынесцi справядлiвы прысуд. I вось стаiць перад вамi заплямлены гэтулькiмi забойствамi падсудны чужаземец, злоўлены на месцы злачынства. Дык вынесiце ж без вагання прысуд гэтаму чужаземцу, якi зрабiў такое лiхадзейства, за якое вы i свайго грамадзянiна строга пакаралi б".
4. Пасля таго як змоўк голас майго абвiнаваўцы, вяшчальнiк звярнуўся да мяне з пытаннем, цi хачу я гаварыць у сваю абарону. А я ў той час мог толькi плакаць, думаючы, клянуся Геркулесам, не столькi пра грозную прамову, колькi пра сваё загубленае сумленне. Нарэшце найшла на мяне з вышыняў мужнасць, i я пачаў гаварыць:
"I самому мне вядома, як цяжка чалавеку, якога абвiнавачваюць у забойстве, стоячы над трупамi трох грамадзян, пераканаць такое мноства людзей у сваёй невiнаватасцi, хоць i гаварыў бы ён праўду цi добраахвотна прызнаўся ў злачынстве. Аднак, калi ваша памяркоўнасць адпусцiць мне трохi ўвагi, я без цяжкасцi дакажу вам, што не з уласнай вiны рызыкую я цяпер жыццём, а ваша цалкам зразумелае абурэнне i нянавiсць за праступак, якога я не зрабiў, узнiклi з чыста выпадковых абставiн.
5. Дык вось, калi я трохi пазней, чым звычайна, вяртаўся з вячэры i быў нецвярозы, што i з'яўляецца маiм сапраўдным злачынствам, ад якога не адракаюся, каля дома вашага паважанага суайчыннiка Мiлона, дзе я спынiўся на кватэры, убачыў нейкiх раз'юшаных разбойнiкаў, якiя ламалi дзверы, i з лютасцю выцягвалi старанна змайстраваныя засаўкi, i згаворвалiся памiж сабой загубiць гаспадароў.
|< Пред. 44 45 46 47 48 След. >|