Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке)   ::   Апулей

Страница: 48 из 278

I на радзiме заўсёды ўсе лiчылi мяне чалавекам сумленным, бо чыстае сумленне ставiў я ўсюды вышэй за любую выгаду.

Цяпер я не магу зразумець, чаму справядлiвая расправа, зробленая мною з гэтымi гнюснымi разбойнiкамi, накладае на мяне гэтае абвiнавачанне, хоць нiхто не зможа даказаць, што раней мiж намi мела месца варожасць або што я з iмi знаёмы, нi тым больш няма мовы аб якой-небудзь нажыве, якая вытлумачыла б гэта злачынства".

7. Закончыўшы, я зноў залiўся слязьмi i, выцягваючы ў вялiкiм горы свае рукi, выпрошваю то ў адных, то ў другiх у iмя iх сама дарагiх прыхiльнасцяў грамадзянскай лiтасцi.

Мне пачало ўжо здавацца, што ў прысутных прачнулася спачуванне, што ўсе расчулены, бачачы жаласлiвыя слёзы, я ўжо паклiкаў у сведкi ўсеабдымныя вочы Сонца i Справядлiвасцi i ход маёй справы збiраўся аддаць у рукi найвышэйшай боскай волi, як раптам, трохi прыўзняўшы галаву, бачу, што ўвесь натоўп надрываецца ад смеху i нават мой добры гаспадар Мiлон рагоча на ўсё горла. Тады я падумаў: "Вось яна, вернасць! Я зрабiўся дзеля ратавання гаспадара забойцам, мне пагражае смяротнае пакаранне, i ён не толькi не просiць за мяне i не прыносiць мне сваёй прысутнасцю нiякай уцехi, а нават рагоча над маёй бядой!"

8. У той момант прабягае праз сярэдзiну тэатра нейкая заплаканая, у жалобе жанчына з дзiцём на руках, а следам за ёй другая ў жудасных лахманах, старая i такая ж збедаваная i ў слязах.

|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]