Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
49 из 278
Абедзве трасуць алiўкавымi галiнкамi, стаўшы абапал месца, дзе ляжалi накрытыя нябожчыкi, падымаюць плач i галашэнне: "Заклiнаем усiх грамадзянскай лiтасцю i для ўсiх агульным правам на спачуванне! Злiтуйцеся над ганебна зарэзанымi юнакамi i над нашым удаўством, дайце нашай адзiноце пацеху i адплату цi хоць акажыце дапамогу гэтаму немаўляцi, ужо з малых гадоў абяздоленаму, i кроў гэтага забойцы няхай стане ахвярай выкупу перад вашым законам i пастановамi грамадзянскай маральнасцi!"
Пасля гэтага старэйшы суддзя падняўся i звярнуўся да народа: "Злачынства, якое заслугоўвае сур'ёзнага пакарання, не адмаўляе i той, хто яго зрабiў, аднак у нас застаўся яшчэ адзiн клопат - знайсцi супольнiкаў гэтага страшнага ўчынку, бо зусiм немагчыма паверыць, каб адзiн чалавек мог справiцца з трыма такiмi дужымi маладымi людзьмi. З гэтай прычыны прыйдзецца нам здабыць прызнанне катаваннямi. Слуга, якi быў з iм, схаваўся, i так склалiся ўмовы, што толькi ён сам пры допыце можа назваць сваiх хаўруснiкаў, каб мы канчаткова пазбавiлiся ад гэтай лютай хеўры".
9. Неўзабаве прыносяць, па грэцкiм звычаi, агонь, кола i розныя бiзуны. Мой адчай расце цi нават падвойваецца: значыць, не ўдасца незнявечанаму памерцi. А тая старая, што ўсю маю душу перавярнула сваiм плачам, кажа: "Добрыя грамадзяне, перш чым вы гэтага разбойнiка, забойцу маiх дзетак прыб'яце да крыжа, дазвольце адкрыць целы забiтых, каб, убачыўшы iхнюю маладосць i прыгажосць, вы яшчэ больш прасякнулiся справядлiвым абурэннем i праявiлi бязлiтаснасць, якой заслугоўвае гэта злачынства".
Гэтыя словы былi сустрэты воплескамi, i суддзя загадвае мне самому адкрыць забiтых.
|< Пред. 47 48 49 50 51 След. >|