Метамарфозы, ци Залаты асёл (на белорусском языке) :: Апулей
Страница:
51 из 278
Аднак той крыўды i абурэння, якiя заселi ў маiм сэрцы, ён не мог затушыць нiякiм чынам.
11. Праз нейкi час прыходзяць у наш дом суседзi са сваiмi адзнакамi ўлады i стараюцца мяне ўласкавiць такiмi разважаннямi: "Нам былi добра вядомыя, пан Луцый, i тваё высокае становiшча, i старажытнасць твайго роду, бо па ўсёй правiнцыi разносiцца слава аб высакароднасцi вашай сям'i. А тое, што прыйшлося табе перанесцi i што так моцна цябе засмучае, зроблена не дзеля таго, каб цябе абразiць. Выкiнь з галавы гэту непрыемнасць i ганi са сваёй душы смутак. Гэтыя гульнi, якiя мы ўрачыста i ўсенародна спраўляем кожны год у гонар найлiтасцiвейшага бога Смеху, заўсёды ўпрыгожваюцца якой-небудзь новай выдумкай. Гэты бог вельмi прыхiльны як да аўтара, так i да выканаўцаў вiдовiшча ў яго гонар. Ён будзе з любасцю спадарожнiчаць табе i не дапусцiць, каб ты смуткаваў, i тваё чало заўсёды будзе раз'яснена бесклапотнай радасцю.
Увесь наш горад за зробленую яму паслугу прысудзiў табе высокае званне: ты запiсаны ў лiк яго патронаў i вынесена пастанова ўзняць тваю бронзавую статую".
На гэта я адказваю: "Дзякую табе, сама знакамiты i непараўнальны сярод гарадоў Фесалii. Удзячнасць мая роўная i той вялiкай пашане, аднак статую раю пакiнуць для людзей больш за мяне знакамiтых i дастойных".
12. Пасля гэтага сцiплага адказу я стараюся ўсмiхацца i прыняць, наколькi магчыма, весялейшы выгляд i ветлiва развiтваюся з суседзямi.
|< Пред. 49 50 51 52 53 След. >|