Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
14 из 54
На вострых зубах хваёвых плах вiселi бiтыя гаршкi - каб адганяць наўцаў. Перад брамай, якую трымалi тоўстыя слупы, Завейка ўладарна крыкнуў: "Дарогу!" Браму адчынiлi два ваяры.
- Мiласцi просiм, князь, - паказаў Завейка рукой наперад.
I Волак уехаў на канi на двор.
Здзiвiла, як марудна i няўклюдна злез з каня баярын. Нiбыта засаромеўшыся сваёй няўклюднасцi, Завейка засмяяўся:
- Гэта цяпер пастарэў ды панягожаў, а ўперад дык птушкай лётаў.
Завейка, вiдаць, любiў жыць у раскошы. Харомы пабудаваў прасторныя i ўпрыгожаныя вытанчанай разьбой на лiштвах i прычэлiнах. На даху вiльчакi ўвенчаны разнымi конскiмi галовамi. Вiтыя слупы-калоны трымалi дах над высокiм з прыступкамi ганкам.
Яны ўвайшлi ў харомы. Князь адчынiў разныя дубовыя дзверы ў грыднiцу i прапусцiў наперад сябе госця. Волак спынiўся - пасярод пакоя стаяла рысь. Звер пагрозлiва зарыкаў на чалавека. Зараз бы сулiцу, што пакiнуў на двары.
Здалося, што рысь скочыць на яго - i не пабяжыш, i не закрычыш ад боязi. Ён жа князь, чаго-чаго, а свайго жаху нiколi не павiнен паказваць, нават азiрнуцца не мог, каб не выдаць сябе. I раптам уладарны дзявочы голас: "Сядзець", - i рысь паслухмяна апусцiлася на падлогу. Насустрач з дзвярэй другога пакоя выйшла дзяўчына. Вiдаць, гэта была воля багоў, каб ён заехаў да Завейкi, бо, убачыўшы дзяўчыну, зразумеў - вось яго доля. Дзявочыя, па-дзiцячаму даверлiвыя i разам з тым цвёрдыя, нават халаднаватыя вочы паглядалi на яго. Ён адчуваў iх позiрк.
|< Пред. 12 13 14 15 16 След. >|