Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
16 из 54
* * *
Гарэла купальскае вогнiшча - бацюхна Цар-Агонь. Конскi чэрап, умацаваны на высокiм кii, узвышаўся над вогнiшчам Купалы. Вакол яго спявалi i вадзiлi карагод дзяўчаты ў белых строях, падпяразаныя быллём i ўпрыгожаныя вянкамi з зелянiны i войнiкамi з блакiтнай тканiны. А юнакi з радаснымi крыкамi выхоплiвалi з вогнiшчаў паходнi, вярцелi iмi над галовамi - адганялi цемру.
Ён гнаў свайго каня. Яму хацелася пяшчоты - абдымаць i цалаваць Бажэну. Над дарогай раскiнулi галiны дрэвы. Месячнае святло бруiлася памiж галiн. Тупат конскiх капытоў будзiў начную цiшу. Воўк спадзяваўся на каханне. Наперадзе гарэлi купальскiя вогнiшчы. Прывязаў каня да дрэва ў гайку i падышоў да людзей. Нiхто не зважаў на яго. Стаяў у цемры i паглядаў на Бажэну, якая вадзiла карагод з дзяўчатамi, - нiкому не патрэбны i чужы тут. Што падумаў бы пра яго бацька, калi б даведаўся, што ён падаўся сюды, замест таго каб святкаваць Купалу разам з сям'ёй.
А пасля, калi перагарэў шост i конскi чэрап паляцеў у агонь, скакалi праз вогнiшча - падабенства сонца на зямлi, i дым ачышчаў людзей ад хвароб, надаваў iм здароўя.
- Што стаiш, княжыч?
Ён азiрнуўся i ў святле полымя ўбачыў Бажэну - усхваляваную i чароўную. Яна працягвала яму руку.
- Давай скокнем праз Купалу, - прапанавала дзяўчына.
I вось яе далонь у яго далонi - маленькая i пяшчотная. Толькi не выпусцiць яе пры скачку, тады, паводле павер'я, яны пажэняцца. Пабеглi разам да вогнiшча, i ўзляцелi яны ўгору перад полымем, i перасягнулi яго. I дзявочая далонь у яго далонi.
|< Пред. 14 15 16 17 18 След. >|