Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
17 из 54
* * *
А праз дзень князь Жывiнбуд павёў сваю дружыну ў паход. I не срачыца, не жупан быў на iм, а кальчуга, злучаная са шлемам бармiцай, на скураным пасе вiсеў меч. Белы конь нёс князя. А за Жывiнбудам ехалi на конях вершнiкi, iшлi дружыннiкi. Зiхацелi на сонцы даспехi, срэбная вупраж коней. Услед вiцязям паглядалi iх жонкi i дзецi, сёстры i бацькi. Жыццё пачынала для iх новы адлiк часу - часу чакання з вайны сваiх сыноў, братоў i мужоў. Час трапяткой надзеi, што тыя перамогуць ворага i жывымi вернуцца дадому i не для iх давядзецца запальваць краду вогненную. I княгiня Лаўса з трывогай паглядала ўслед дружыне. Вось так два гады таму пакiдаў князь на чале сваiх вiцязяў град. Адправiўся з iм у паход на русаў старэйшы сын Лютавiт. I тады трывога сцiскала яе сэрца. А праз месяц вярнуўся князь з сечы. Нiзка апусцiў пасiвелую галаву Жывiнбуд. Прадчуваючы нядобрае, пабегла насустрач яму княгiня i ўбачыла, што вялi за мужам сынава каня. Нiчога не мовiў ёй князь, толькi цяжка ўздыхнуў. Расступiлiся воi i вынеслi на шчытах цела Лютавiта.
Нi муж, нi дзецi, нi чэлядзь - нiхто не бачыў яе слёз, не чулi, як па-бабiнаму карыла яна па забiтым сыне. Толькi калi дым ахвярнага полымя панёс яго душу ў вырай, лямантавала княгiня: "Сонейка маё, чаму так рана ты зайшло? Свеце мой светлы, чаму цемра ахiнула цябе? Куды ж ты ад мяне адлятаеш? Куды ж ты гэта прыбраўся? У якую дарожаньку i ў якую староначку? Дай жа мне вестачку, хоць праз кавулю. Рана-раненька буду слухаць, што кавуля пра цябе мовiць.
|< Пред. 15 16 17 18 19 След. >|