Навь-Явь-Правь (на белорусском языке)   ::   Черопко Витовт

Страница: 20 из 54

Маўчалi трубы i барабаны, не луналi сцягi, не чулася бадзёрых галасоў, толькi бязладны цяжкi тупат тысяч ног, цоканне конскiх капытоў, бразганне зброi i даспехаў, iржанне коней разносiлiся па лесе. Некалькi дзён таму пад вясёлы дроб барабанаў i спеў труб пакiдала раць руская Пiнск. Гарачылiся пад вершнiкамi конi, смяялiся воi. I, гледзячы на сваё войска, верыў Яраслаў, што не ўстояць перад iм лiцьвiны.

А цяпер ён i сам стамiўся ад гэтага нялёгкага паходу. Пасля дажджоў размыла дарогу, i ўсе сiлы забiрала слота. На пераправах праз рэчкi гiнулi людзi i конi. Пацягнулася глухая пушча. Высокiя дрэвы абступалi шлях, якi пракладвалi сякерамi ваяры. Сустракалiся густа парослыя зялёным мохам вялiкiя ствалы зваленых на зямлю дрэў. Гэтыя лясныя нетры, дзе скляпенне галiн хавала ад вачэй свет божы, пужалi вояў. Часта з гушчару ляцелi лiцьвiнскiя стрэлы. Наканечнiкi сваiх стрэл лiцьвiны змазвалi атрутай. I не паспявалi ваяры разрэзаць нажамi рану ў параненага таварыша i выцiснуць атруту, як ён памiраў.. Проста ў лесе i хавалi забiтых. Крыжы на iх магiлах адзначалi шлях войска русаў.

I чым далей забiралiся ваяры ў пушчу i высокiя сцены дрэваў бралi iх у палон, адгароджваючы ад астатняга свету, тым болей расло пачуццё трывогi i невядомасцi. То там то сям у неба падымалiся слупы дыму ад сiгнальных вогнiшчаў лiцьвiнаў. Нядоўгiя прывалы на якой-небудзь палянцы або ў сяле, якое пакiнулi жыхары, толькi расслаблялi вояў. Ноччу разбiвалi стан, выстаўлялi варту. Так iшлi яны на Лiтву.

Не вылучаўся сярод вояў князь Яраслаў.

|< Пред. 18 19 20 21 22 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]