Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
21 из 54
Нi золата, нi ўпрыгожанняў багатых, нi вопраткi князевай не надзеўён. Такая ж простая кальчуга, як i ў вояў, наклады на нагах. Толькi востраканечны шлем з залатым крыжам вызначалi ў iм вялiкага князя рускага. Ехаў Яраслаў на канi ў сярэдзiне войска, акружаны грыдзямi. Без ахвоты выправiўся князь у гэты паход. Дапяклi папы сваiмi напамiнамi, што на межах яго княства жывуць паганцы i бягуць да iх тыя, хто не прыняў Хрыста. I вораг хрысцiянства сее плевелы сярод дарагiх расткоў божай веры. Хрыстос дакрануўся мiласцю духа свайго сэрца Яраслава, ўладара зямлi Рускай, каб забяспечыў ён межы хрысцiянскiя ад ворагаў паганцаў. Ну што ж, вось ён агнём выпалiць плевелы. Добра было б сядзець у сваiх харомах у стольным Кiеве, радавацца пражытым дням, няньчыцца з унукамi. Не такiя яго гады, каб выпраўляцца ў гэтую глуш супраць паганцаў. Як стамiўся ён разбiраць звадкi князёў, уцiхамiрваць iх свавольствы зброяй, забiваць сабе галаву думкамi пра ўстроi зямельныя, падладжвацца пад чыннасць падначаленых i, як скарамошку, iграць дабротлiвага i людалюбнага валадара, слухаць баярскiя глупствы на радах, лiслiвiць перад хiтрымi папамi - i гэта называецца кiраваць дзяржавай. Як стамiўся ён баяцца. У дзяцiнстве баяўся бацькi - князя Ўладзiмiра. Чужым i пагрозлiвым быў для Яраслава бацька. Нячаста прыязджаў ён у Лыбедзь, сяло пад Кiевам, дзе жыла яго жонка Рагнеда з дзецьмi. Цяжка сядаў на лаву, расставiўшы ногi, чырвонымi ад п'янак вачыма тупа глядзеў перад сабой i, здавалася, не заўважаў iх, сваiх дзяцей. А яны палахлiва падыходзiлi да яго.
|< Пред. 19 20 21 22 23 След. >|