Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
23 из 54
I ад страху, што пракляне яго царква, звалiў усё вiну на тураўскага князя Святаполка, маўляў, ён, акаянны, успрыняў думку Каiнаву, каб перабiць усiх братоў i валодаць Рускай зямлёй. I не саромеўся перад дружыннiкамi заяўляць: "Не я пачаў забiваць братоў, а Святаполк, няхай будзе Бог мсцiўцам за кроў братоў маiх, бо без вiны пралiтая праведная кроў Барыса i Глеба. Вiдаць, i са мной тое самае зробiць? Судзi мяне, госпадзi, па праўдзе, няхай сунiмецца зладзейства грэшнага". Бога не баяўся, калi манiў, бо баяўся Свята полкавай перамогi над сабой i адказу за сваё злачынства. I, як заяц, уцякаў ад Святаполка, калi ў сечы на Бузе засталiся ад яго войска толькi чатыры чалавекi. Нават у Ноўгарадзе не апамятаўся, баяўся, што тураўскi князь заявiцца сюды, i ўжо за мора плыць сабраўся, як пасаднiк з ноўгарадцамi рассек ладдзi: "Хочам яшчэ бiцца са Святаполкам". Са страху i перамог Святаполка, i стаў кiеўскiм князем. Вяршыня ўлады не пазбавiла яго боязi. Баяўся страцiць вялiкакняжацкi пасад i кiнуў у паруб малодшага брата Судзiвоя, дагэтуль гноiць яго; баяўся свавольных варагаў, якiя патрабавалi плату за службу, i прагнаў iх; баяўся, што не любы дружыне, бо на пiрах для яе нi моцнага пiцця, нi ядзення смачнага, нi ўслад, нi гусельных спеваў, нi плясаў не дазваляў, бо баяўся папоў, якiя пра даўнюю вiну яго ведалi, таму патрабавалi ад яго чыннасцi хрысцiянскай i не ладзiць у харомах сваiх пiцця "бесов возвеселительной чаши", каб не было свар i лаяння сярод хрысцiянскiх вояў, каб не тварылi яны сабе п'яных шляхоў, якiя вядуць на пагубу. Як праклён, боязь валодала iм. Ён хiтрыў, асцярожнiчаў, гатоў быў саступiць, абы не рызыкаваць... i пра славiўся мудрым.
|< Пред. 21 22 23 24 25 След. >|