Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
25 из 54
Жывiнбуд са сваёй дружынай стаяў на левым краi саюзнага войска. Побач з бацькам на конях сядзелi сыны: Волак i Вышак. Волак, прыклаўшы да лба далонь, пазiраў на невялiчкую стайку галубоў, што лётала ў небе над полем будучай сечы.
У гэты час у рускiм войску зайгралi свiрэлi i загрукаталi барабаны. З шэрагаў вояў выехаў на гнядым канi вiцязь у кальчузе з мячом у руцэ, пагнаў каня на сярэдзiну поля. Храбры рус прагнуў ветшбы вiцязевай i выклiкаў на паядынак вiцязяў з лiцьвiнскага войска, каб пачаць з iм сечу.
Вось падышоў доўгачаканы час, калi споўняцца яго юнацкiя мары пра подзвiг i славу. Воўк выняў з похваў меч i пацалаваў яго жалезнае лязо, губамi адчуваючы жалабок для сцёку крывi.
- Князь, я гатовы.
Жывiнбуд паклаў на плячо сыну руку. Блiзка перад сабой убачыў ён рашучыя вочы сына. Не, яго ўжо не спынiш, не адгаворыш.
- Беражы сябе, - толькi i мовiў у адказ Жывiнбуд.
Два вершнiкi скакалi насустрач адзiн аднаму, сцiскалi ў руках апушчаныя ўнiз мячы. Тысячы вачэй напружана глядзелi на iх. А ў небе высока кружлялi галубы, i нiхто iх не бачыў. Не бачыў i Воўк. Наблiжаўся да яго рускi вiцязь. Зiхацелi на iм браня i шлем. Усё блiжэй i блiжэй ён. Можна разгледзець скамянелы твар i сцiснутыя вусны.
Вершнiкi праскакалi адзiн каля аднаго, ледзь не ўдарылiся страмёнамi. Жалеза мячоў, якiя сустрэлiся ў паветры, пырснула iскрамi. I зноў два чалавекi пагналi сваiх коней адзiн на аднаго. Рус асадзiў каня i, прыўстаўшы ў страмёнах, падняў меч над сабой.
|< Пред. 23 24 25 26 27 След. >|