Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
42 из 54
Гэтыя раз'ятраныя людзi, якiя раптам выскачылi з лесу, спынiлi яе каня, i моцныя рукi, балюча сцiснуўшы яе стан, выхапiлi дзяўчыну з сядла i апусцiлi на зямлю.
- Бажэна! - закрычаў Завейка i накiраваў свайго каня да дачкi.
Вострае лязо мяча са свiстам рассякала паветра. Князь нiкога не падпускаў да сябе. Але не выратаваў бацька дачкi. Кiнутая ззаду пятля абвiла яго грудзi. Не ўтрымаўся ў сядле князь i выкулiўся з яго. I тут жа князю скруцiлi рукi i звязалi. Лежачы на зямлi, Завейка пазнаў у чалавеку, што падышоў да яго, княжыча Вышака. Апрануты, як i яго людзi, у скураныя куртку i нагавiцы, з мячом на пасе, Вышак усмiхаўся. На яго, Завейку, i не зiрнуў. Абхапiў Бажэну рукамi, прыцягнуў яе да сябе.
- Iдзi да мяне.
- Адчапiся, - уперлася рукамi ў грудзi княжычу дзяўчына.
- Ха-ха-ха! Не любы я табе! А Воўка не забыла? Ха ха-ха.
Дык вось у чые рукi яны трапiлi. I што iх цяпер чакае? Не, Воўк не даруе яму забойства бацькi. Але ж Бажэна? Як выратаваць яе? Не, у яго павiнна быць надзея.
- Вышак, адпусцi дачку i ты атрымаеш багаты выкуп.
- Ха-ха-ха, - засмяяўся ў адказ княжыч. - Ты кажаш пра выкуп. Ты, злодзей, забiў майго бацьку. Тваё жыццё будзе выкупам.
I толькi цяпер усвядомiўшы, што здарылася, Бажэна не магла спакойна глядзець, як смяялiся гэтыя людзi з бацькi. I такi бездапаможны быў ён, што яе сэрца сцiснулася ад шкадобы.
* * *
Спачатку яны прабiралiся вузкай сцежкай, над якой шумелi вершалiнамi старыя ялiны. Уперадзе ехаў на гнядым канi Вышак.
|< Пред. 40 41 42 43 44 След. >|