Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
43 из 54
За iм барадаты воiн, у скураной куртцы i нагавiцах, у пасталах, з мячом на пасе, вёў за паводдзе каня, на якiм ехала Бажэна. Iшоў са звязанымi рукамi Завейка.
Мiнуўшы дуброву, яны выбралiся на луг. Трава, якая нiколi не ведала касы, вымахала па пояс. Людзi з цяжкасцю прабiралiся праз жорсткiя сцяблiны. З-пад конскiх капытоў узляталi птушкi.
То шлях iх праходзiў па хвойнiку, дзе на крохкiх нiцях павуцiння зiхацелi сонечныя промнi, то ехалi ўздоўж берага нейкай рачулкi, над якiм нiцма схiлiлiся вербалозы. I ўвесь час азiраўся Вышак назад на Бажэну. Запала дзявочая прыгажосць у яго сэрца. I калi спынiлiся нанач, калi ваяры пачалi разбiваць стан, Вышак падышоў да дзяўчыны. Ён палохаўся, што яна не адкажа яму, але наважыўся на гэты крок.
Бажэна сядзела на канi i паглядала паверх яго галавы, нiбыта не заўважала княжыча.
- Вось ты якая? Нездарма брат упадабаў цябе.
Дзяўчына не адказала княжычу. Маўчала яна i тады, калi селi вячэраць. I нечакана для яго нясмела ўсмiхнулася; яе маленькiя губы затрапяталi i агалiлi шэраг беласнежных зубоў. Ноччу, калi воi леглi спаць, паклаўшы пад бок звярыныя скуры, калi заснулi нявольнiкi i толькi вартавыя не ведалi сну, Вышак падышоў да дзяўчыны. Яна спала на мядзведжай скуры каля вогнiшча. I калi схiлiўся над Бажэнай, захацелася пацалаваць яе. Ён так i зрабiў, i адчуў вуснамi пяшчотную цеплату яе твару.
Назаўтра апоўднi атрад Вышака дабраўся да агароджанага драўлянымi сценамi паселiшча, якое знаходзiлася на высокiм пагорку. Вой, якi стаяў на вартавой вежы, убачыўшы людзей, што падышлi да брамы, нешта крыкнуў унiз.
|< Пред. 41 42 43 44 45 След. >|