Навь-Явь-Правь (на белорусском языке) :: Черопко Витовт
Страница:
48 из 54
Ногi танулi ў мяккiм iмху. Каля невялiчкай ручаiны, што зiхацела ў месячным святле сярод парослых травой нiзкiх берагоў, уцекачы спынiлiся. Вышак апусцiўся на кукiшкi i сунуў руку ў ваду.
- Халодная, - мовiў ён.
- А пiць яе можна? Я хачу пiць.
- Гэта ж крынiчная вада.
Ён чакаў, што Бажэна, апусцiўшыся на каленi, нахiлiцца да ручаiны i прыпадзе вуснамi да вады, як звычайна пiў ён з крынiц. Але яна прысела на кукiшкi, чэрпнула вады ў складзеную лодачкай далонь i паднесла яе да вуснаў. I гэты рух Бажэны ачараваў яго вытанчанасцю i прыгажосцю.
- Смачная, - мовiла дзяўчына. - Паспрабуй, - яна зачэрпнула далонню вады i паднесла да яго вуснаў. - Пi хутчэй, - засмяялася Бажэна, - а то выцеча.
Ён прыпаў вуснамi да яе маленькай далонi. Колькi там той вады - кропля, але i не пiў ён ваду, а цалаваў дзявочую далонь.
- Ну вось i выцекла, - наўмысна незадаволеным голасам мовiла Бажэна.
I зноў дзяўчына зачэрпнула вады i паднесла да вуснаў Вышака, i ён не пiў, а цалаваў яе руку. А пасля пяшчотна ўзяў яе за тонкiя запясцi i пацалаваў дзяўчыну ў вусны. I з кожным яго пацалункам, адчуваючы яго блiзкасць, яна трацiла тую волю, якая дапамагла ёй перацягнуць на свой бок Вышака. Дзiўна, ёй хацелася быць слабой, бездапаможнай, каб ён, мужны i моцны, клапацiўся пра яе, абараняў. Iх прытуленыя адна да адной постацi адбiвалiся ў вадзе.
Раптам дзяўчына адчула, як яго моцныя рукi падхапiлi яе i паднялi над зямлёй. Пад Бажэнай цурчала вада. Ён пераносiў яе праз ручай.
|< Пред. 46 47 48 49 50 След. >|