Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 100 из 115

Сама не помнячы як, накiнула на сябе сукенку; сярод яе мудрых жыццёвых правiлаў было такое, што нiколi не варта паяўляцца перад людзьмi неапранутай, пры любых абставiнах, што б нi здарылася. У зале яна сустрэлася з баранэсай, якая прыбегла, каб паклiкаць на дапамогу. Пасля гэтага аканомка разам з бацькам падняла Адрыяна i паклала яго на вялiкi двухспальны ложак. Спачатку ўсе трое думалi, што ён ужо мёртвы, але потым дзяўчына Спак намацала слабое бiццё пульсу.

Некалькi разоў спрабавалi яны прывесцi яго звычайнымi спосабамi ў прытомнасць, але iскрынка жыцця ледзь тлела ў Адрыяне, i што б яны нi рабiлi, яна, здавалася, усё больш згасала. Неўзабаве яны зусiм заняпалi духам i не рашалiся рабiць больш нiчога. Iм заставалася толькi сядзець i чакаць.

Баранэсу супакойвала тое, што з ёю ў спальнi знаходзiлася дзяўчына Спак, бо тая была зусiм спакойная i цвёрда ўпэўненая, што Адрыян хутка апрытомнее. Баранэса дазволiла аканомцы прычасаць сябе i абуць чаравiкi. Калi трэба было накiнуць сукенку, баранэсе давялося ўстаць, але яна, даўшы магчымасць аканомцы зашпiлiць гузiкi i разгладзiць складкi, па-ранейшаму не адводзiла вачэй ад сынавага твару.

Баранэсе здавалася, быццам аканомка неадлучна была з ёю, але тая выходзiла i на кухню, дзе, як звычайна, паклапацiлася аб ежы для слуг. Яна не забылася нiводнай дробязi. Бледная як смерць, яна ўсё гэтак жа спраўна выконвала свае абавязкi. Снеданне было пададзена да панскага стала своечасова, а пастушок атрымаў сваю торбу з ежай, калi пагналi кароў на пашу.

|< Пред. 98 99 100 101 102 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]