Пярсцёнак Лёвеншольдаы (на белорусском языке)   ::   Лагерлеф Сельма

Страница: 37 из 115

Тады па загаду дацкага ўрада былi выраблены два якраз такiя ж самыя саркафагi з iмем i гербам Гатэнйельмаў, i шведскi капер пагадзiўся ўзяць iх у абмен на каралеўскiя. Гэтыя саркафагi ўстаноўлены ў ансальскай царкве, у магiльным склепе Гатэнйельмаў, i ў адным з iх пахаваны Ларс Гатэ.

Пастар, якi моўчкi i цярплiва слухаў расказ субяседнiка, улавiў цяпер, што гэта - звычайная гiсторыя аб прывiдах, i з цяжкасцю ўстрымаўся ад нецярплiвага жэсту. Аднак ротмiстр не звярнуў на гэта нiякай увагi.

- Вы разумееце, высокапаважаны брат мой, што рыбаку нiчога не заставалася, як падпарадкавацца гэтаму наказу. Паслухалася яго i яна, жонка Гатэнйельма. Былi сабраны самыя гнуткiя арэхавыя пруты i самыя моцныя ядлоўцавыя палiцы, i работнiк з Ансалы паплыў з iмi ў мора.

Тут пастар зрабiў настолькi яўную спробу перапынiць свайго субяседнiка, што ротмiстр нарэшце заўважыў яго нецярплiвасць.

- Ведаю, аб чым вы думаеце, брат мой, - прамовiў ён, - тое ж падумаў i я, пачуўшы ў абед гэту гiсторыю, але зараз, ва ўсякiм выпадку, папрашу вас, высокапаважаны брат мой, выслухаць мяне да канца. Такiм чынам, я хацеў сказаць, што гэты разбойнiк з Ансалы, мабыць, быў чалавек бясстрашны i да таго ж вельмi адданы свайму нябожчыку гаспадару. Iнакш ён наўрад цi адважыўся б выканаць такi наказ. Калi ён падплыў блiжэй да месца пахавання Гатэнйельма, шхеры пiрата захлiствалi такiя высокiя хвалi, нiбы разгулялася страшная бура, а бразганне зброi i шум бiтвы чутны былi далёка навокал. Аднак работнiк падышоў на вёслах як мага блiжэй, i яму ўдалося закiнуць на шхеры i ядлоўцавыя палiцы i бярэмi прутоў.

|< Пред. 35 36 37 38 39 След. >|

Java книги

Контакты: [email protected]